Фэст «Файне Місто»: «Мы заўжды рады беларусам!» (+відэа)
1828 / 0
03.05.2016

Фэст «Файне Місто»: «Мы заўжды рады беларусам!» (+відэа)

У лайн-апе аднаго з найбуйнейшых фэстаў Украіны заяўлены выступ некалькіх беларускіх камандаў.

Фэст «Файне Місто» праходзіць у чатыры дні з 7 да 10 ліпеня на тэрыторыі аэрапорта «Тэрнопаль» на шасьці сцэнах. Агульная колькасьць выступоўцаў перавышае 100 гуртоў. А музычную праграму разнастайваюць безьліч іншых лякацыяў — спартовая, літаратурная, дзіцячая, гульнявая зоны, салён прыгажосьці, кінапаказы, майстар-клясы ды шмат чаго іншага. Фэстывальная інфраструктура таксама адладжаная як мае быць — намётавы гарадок, фудкорты, пункты падзарадкі тэлефонаў, камэры захоўваньня ды іншыя неабходнасьці ды прыемнасьці. «Фактычна мы будуем горад, у якім кожны яго жыхар хай сабе толькі на некалькі дзён зможа адчуць напоўніцу энэргію свабоды і шалёны драйв жыцьця. Таму і маем лёзунг: тэрыторыя свабодных людзей», — тлумачаць канцэпцыю фэсту яго арганізатары.

Сёлета ў Тэрнопалі выступяць практычна ўсе актуальныя зоркі ўкраінскай альтэрнатыўнай музыкі — «Бумбокс», ТНМК, O.Torvald, Onuka, Flёur, Vivienne Mort, DaKooka Live, «Фіолет» ды іншыя. З замежных гасьцей заяўленыя Crazy Town (ЗША), Дэйвід Браўн (ЗША), Rocky Leon (Аўстрыя), Pain (Швэцыя), The New Division (ЗША), Lordi (Фінляндыя) ды іншыя. Сярод гасьцей фэсту сёлета тры беларускія каманды — Brutto, Intelligency і «Дай дарогу!». «Файне Місто» наогул бярэ курс на збліжэньне зь беларускай альтэрнатыўнай сцэнай. «Мы абралі тыя гурты, якія найбольш пасуюць пад лайн-ап сёлетняга фэсту і прадстаўляюць розныя музычныя кірункі. Налета мы бы хацелі запрасіць яшчэ больш камандаў з вашай краіны», — зазначылі арганізатары.

Падрабязьней пра фэст «Файне Місто» можна дазнацца на афіцыйным сайце або ў афіцыйнай суполцы.

Інфармацыйным партнэрам фэсту «Файне Місто» сёлета выступае партал Tuzin.fm. Пра 3 спосабы даезду да фэсту зь Беларусі чытайце ў афіцыйнай суполцы «Тузіна» «УКантакце».

Tuzin.fm