Тацяна Беланогая: «У паэзіі Янішчыц я пачула сябе самую» (прэм’ера)
2703 / 1
19.05.2016

Тацяна Беланогая: «У паэзіі Янішчыц я пачула сябе самую» (прэм’ера)

Выйшаў новы альбом Тацяны Беланогай «Матылёк», які ўключае 28 песень на словы Яўгеніі Янішчыц.

Альбом «Матылёк» — плён шматгадовай працы Тацяны Беланогай. Першую песьню на верш Яўгеніі Янішчыц яна напісала ў 16 гадоў. Гэта быў твор «Жораў ты, а я — сініца». І з таго часу паэтычны зборнік паэткі стаў для сьпявачкі «песеньнікам»: «У паэзіі Янішчыц выяўляюцца мае асабістыя пачуцьці, я адразу пачула сябе самую ў яе радках. Яна вельмі мілагучная, я чую амаль кожны яе верш. Мо таму, што сама маю палескія карані», — сказала Tuzin.fm з нагоды прэм’еры аўтарка альбому. Агулам у яе назьбіралася больш за 50 песень на вершы Янішчыц, зь іх у рэліз увайшлі 28 песень.

На Tuzin.fm Тацяна прэзэнтуе песьню «Якая я» з гэтага дыску. «Гэта песьня-просьба. Мяркую, што якой ты ёсьць ведае той чалавек, які цябе любіць. І песьня пра тое, што самога сябе можна спазнаць толькі празь людзей», — кажа сьпявачка.

CD-выданьне «Матылька», якое пабачыла сьвет дзякуючы кампаніі «Будзьма беларусамі!», акром песень Беланогай уключае ў сябе 66 вершаў Янішчыц у аўтарскім выкананьні з залатой калекцыі Белтэлерадыёкампаніі. Дыск можна набыць праз інтэрнэт-краму knihi.by, этна-цэнтры «Рагна», краме «Беларуская прастора», кнігарнях «Акадэмічная кніга» і «ЛогвінаЎ».

Жывая прэзэнтацыя альбому заплянаваная на восень 2016 году.

Tuzin.fm, фота Віталя Матусевіча

КАМЕНТАРЫ:

за тры месяцы
за тры месяцы