Shuma выдала альбом для клюбных танцпляцаў (прэм’ера)
2019 / 0
20.05.2016

Shuma выдала альбом для клюбных танцпляцаў (прэм’ера)

Музыкі называюць сваю новую працу «Сонца» альбомам клюбнага фольку.

Для альбому «Сонца» беларускія народныя песьні былі аранжыраваныя ў рэчышчы актуальнай клюбнай музыкі. Слухачоў чакае атмасфэрны дып-гаўс з адточаным гукам і глыбокім басам. Наогул жа гісторыя гэтай праграмы пачалася з таго, што кампанія «Керамін» папрасіла гурт Shuma напісаць музыку для дэфіле «Keramin Fashion Show», які бы спалучаў народныя сьпевы і сучасныя музычныя стылі. Прэм’ерны паказ мод пад акампанэмэнт Shuma зь вялікім посьпехам адбыўся ў лютым 2016 году. Пасьля гэтага гурт запрашалі і на іншыя фэшн-мерапрыемствы. А саўндтрэк ператварыўся ў другі поўнафарматны альбом калектыва, які сёньня выдаў беларуска-расейскі лэйбл Sunwoofer. Лічбавую вэрсію можна набыць на iTunes і GooglePlay. Сьпявачка Руся кажа: «Гэта сучасны танцавальны альбом. Мы б хацелі, каб ён гучаў на танцпляцах Беларусі і за яе межамі. Каб гэтыя багатыя на мэлёдыку песьні працягвалі жыць і дарыць людзям эмоцыі. Трэкі зь яго зручна граць ды-джэям, таму што яны вытрыманыя ў адным тэмпе, у іх нават пакінутыя адмысловыя хвасты для зьвядзеньня». Да адной зь песень з дыску «Ой рано» гурт зьняў таксама музычнае відэа.

У параўнаньні з дэбютным альбомам «Жніво» (2015) альбом «Сонца» атрымаўся больш дынамічным і танцавальным. За гук і аранжыроўкі адказваў менскі саўндпрадусар Alexis Scorpio (Аляксей Карабейнік), які актыўна працуе са студыямі ЗША.

Канцэртная прэзэнтацыя дыска ў Менску адбудзецца 27 траўня ў ангары «Хуліган» пры падтрымцы інтэрнэт-апэратара «Атлант Тэлекам».

Tuzin.fm, фота Ягор Войнаў