Ян Жанчак выдаў мультымоўны міні-альбом «Музыка супраць вайны» (аўдыё)
1754 / 0
01.06.2016

Ян Жанчак выдаў мультымоўны міні-альбом «Музыка супраць вайны» (аўдыё)

Выканаўца вырашыў запісаць свае новыя песьні ў трох моўных вэрсіях.

Назва альбому сымбалізуе пазыцыю музыкі. Ян перакананы, што музыка мае стваральную энэргію: «Калі нешта і можа зьмяніцца ў сьвеце да лепшага, то дзякуючы менавіта мастацтву», — кажа ён. Загалоўны трэк па-беларуску гучаў ужо ў чарце на Tuzin.fm. Тут ён разам з кампазыцыяй «Новы сьвет» прысутнічае ў трох моўных вэрсіях — беларускай, расейскай і ангельскай. «Зроблена гэта дзеля сьцьвярджэньня ідэі і паўнаты звароту да ўсіх слухачоў — кожны варыянт песьні мае свой адметны варыянт гучаньня», — тлумачыць музыка.

Бонус-трэкам на міні-альбом увайшла песьня «Успамiны», якая была запісаная для конкурсу «Засьпявай 3.0». І не з прычыны, як прызнаецца Ян, вялікай прыхільнасьці да конкурсаў. «Зьявілася нетрывіяльная нагода ўспомніць аднаго з найлепшых паэтаў Беларусі, майго бацьку Барыса Іванавіча Жанчака, таму напісалася такая кампазыцыя ў жанры музычнага прысьвячэньня».

Усе песьні Ян запісаў без удзелу запрошаных музыкантаў і аранжаваў самастойна. 14 чэрвеня ў TNT Rock Club Ян Жанчак сыграе песьні зь міні-альбому на сваім першым сольным акустычным канцэрце. А 5 жніўня музыка выступіць у канцэрце летняй сэрыі «Засьпявай 3.0».

Tuzin.fm

за тры месяцы