Неабходныя «Словы» Пятра Клюева (відэа)
1421 / 0
02.06.2016

Неабходныя «Словы» Пятра Клюева (відэа)

Выканаўца анансуе свой новы альбом «Словы», у які ўвойдуць песьні на словы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

Ідэю альбому ўхваліў сам Генадзь Бураўкін, якому Пётар Клюеў пасьпеў паказаць свае напрацоўкі. Паэзію выканаўца паклаў на музыку ў стылі джазу, соўлу ды фанку. Цяпер альбом набыў свае дакладныя абрысы. На ім будзе 10 трэкаў — пяць на словы Барадуліна, пяць — на Бураўкіна. Матэрыял гатовы, застаецца яго запісаць. Разам з Клюевым працуе выдатная каманда музыкаў, якія ўтварылі гурт «Амплітуда сьмеласьці». Запісваць альбом мяркуецца за мяжой, у тым ліку на віленскай студыі, на якой запісваецца Лявон Вольскі.

«Усім вядомыя песьні на словы Бураўкіна ў выкананьні „Верасоў“ ці „Сяброў“. А мы хочам напісаць сёньняшнюю музыку, зрабіць актуальныя для нас саміх аранжыроўкі, спалучыць паэзію з сваім гучаньнем. Лічу гэта неабходным, бо Генадзь Мікалаевіч павінен жыць у песьнях, створаных цяпер, якія прагучаць на радыё і ў нас, і ў суседніх краінах. І яго жыцьцё паэтычнае мусіць зьмяняцца і працягвацца надалей», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm выканаўца.

Сродкі на запіс альбому Пётар Клюеў зьбірае праз плятформу Talaka.by. Усяго на рэалізацыю праекту патрабуецца сума ў 90 млн рублёў. У падтрымку кампаніі музыка зьбіраецца даваць канцэрты. Першы такі выступ адбыўся 31 траўня ў чырвоным дворыку на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску.

Tuzin.fm