Надзея Кучар: «Мне цікава сьпець па-беларуску» (відэа)
1656 / 0
09.06.2016

Надзея Кучар: «Мне цікава сьпець па-беларуску» (відэа)

Пераможца конкурсу «Singer of the World» дала першы сольны канцэрт на Радзіме.

Надзея Кучар выступіла зь першым сольным канцэртам у Менску. Яна падрыхтавала разам зь піяністкай Дашай Мароз праграму «Дзень белых хрызантэм», куды ўвайшлі творы Альбана Бэрга, Фэрэнца Ліста, Сяргея Раxманінава і Пятра Чайкоўскага. На яе канцэрт у КЗ «Верхні горад», які зладзіў музычны дом «Клясыка», квіткі раскупілі імгненна.

Пасьля свайго выступу Надзея Кучар прызналася ў камэнтары для Tuzin.fm, што дужа хвалявалася перад выхадам на сцэну, бо гэта быў яе першы сольны выступ на Радзіме. І дадала, што думае ў будучыя свае праграмы ўключыць творы беларускіх аўтараў. «Я заўжды бяруся сьпяваць на розных мовах, бо гэта цікава. Тым больш цікава на беларускай, якая для мяне родная. Пакуль на нашай мове нічога не выконвала, бо вучылася ня тут, а ў Расеі. Але я гатовая зрабіць гэта», — сказала Надзея, якая была прызнаная летась пераможцам самага аўтарытэтнага ў сьвеце конкурсу сярод акадэмічных сьпевакоў — BBC Cardiff Singer of the World.

Надзея Кучар нарадзілася ў Менску ў 1983 годзе, тут скончыла музычную вучэльню імя Глінкі і пераехала ў Расею, дзе адвучылася ў кансэрваторыі ў Пецярбургу. Чатыры апошнія гады яна зьяўляецца салісткай Пермскай опэры і зь вялікім посьпехам выступае па ўсім сьвеце. Улетку яна задзейнічаная ў опэрных пастаноўках у Сант’яга, а ўвосень едзе з турам па Расеі. Паралельна яна зьбіраецца надалей працаваць з Дашай Мароз над новай сольнай праграмай, у якую, ня выключана, якраз і ўвойдуць беларускія творы.

Яшчэ відэа з канцэрту — на канале Tuzinvideo на Youtube.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы