Re1ikt у інтэрвію Мэту О’Донэлу: «Наша музыка лечыць» (аўдыё)
1727 / 1
07.09.2016

Re1ikt у інтэрвію Мэту О’Донэлу: «Наша музыка лечыць» (аўдыё)

Беларускі гурт даў інтэрвію амэрыканскаму журналісту Мэту О’Донэлу, які назваў альбом «Лекавыя травы» найлепшым у сусьветнай мэтал-музыцы.

Мэт О’Донел (на фота) — тэлевядоўца амэрыканскага тэлеканала 6 ABC і даўні прыхільнік экстрэмальнай музыкі, ён намагаецца адсочваць цікавыя рэлізы ў гэтым кірунку па ўсім сьвеце. У чацьвёрку сваіх улюбёных альбомаў за год ён уключыў працы расейцаў Sivyj Yar, немцаў Trautonist і амэрыканскага гурта Cobalt. А на першае месца паставіў гурт зь Беларусі Re1ikt ды іх «Лекавыя травы». Да ўсяго на сваёй старонцы ў facebook Мэт запісаў відэа, у якім прызнаўся ў любові да творчасьці беларусаў, а таксама ўзяў грунтоўнае інтэрвію ў музыкаў. «Мы ўявілі, што нашыя песьні — нібыта беларускія зёлкі, якія маюць лекавы эфэкт пры праслухоўваньні. І сапраўды гэта так — музыка мае станоўчы ўплыў на псыхічны і фізыялягічны стан чалавека», — так у размове з амэрыканцам патлумачыў галоўную ідэю альбому лідэр каманды Алесь Дземідзенка.

«Лекавыя травы» здабыў шмат прыязных водгукаў, як у Беларусі, так і за яе межамі. Прызнаны найлепшым альбомам году на прэміі «Даём рады» і  Rock Profi, найлепшым рок-альбомам на ўзнагародах Experty.by. Акром Мэта О’Донэла пра яго з захапленьнем пісаў галоўрэд Zvuki.ru Дзьмітры Куркін і заснавальнік Faith No More Білі Гулд.

Увосень мае выйсьці новы альбом Re1ikt, у які ўвойдуць песьні, якія былі запісаныя для «Лекавых траваў», але ня трапілі на дыск. Паслухаць гурт ужывую ў найбліжэйшы час можна на фольк-фэстывалі «Камянiца», які пройдзе 10 верасьня ў Музэі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам.

Яшчэ: Заснавальнік Faith No More пра новы альбом Re1ikt: «Я ўражаны!»

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

за тры месяцы
за тры месяцы