Baradulin project: «Гэтыя песьні натхнялі Барадуліна, а цяпер натхняюць нас» (прэм’ера)
1664 / 0
23.09.2016

Baradulin project: «Гэтыя песьні натхнялі Барадуліна, а цяпер натхняюць нас» (прэм’ера)

Беларускія этна- і рок-гурты запісваюць альбом песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна.

Удзел у новым музычным праекце бяруць гурты Re1ikt, Vuraj, «Варган», Harmonic style project, Ірэна Катвіцкая, Віктар Сямашка. «Мы вырашылі пераасэнсаваць і аднавіць вушацкія песьні, якія зь дзяцінства Рыгору Барадуліну сьпявала яго маці. Гэтыя песьні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыцьцё. А цяпер натхняюць нас», — кажа аўтар праекту Сяржук Доўгушаў. Яму пашчасьціла пазнаёміцца з Народным паэтам і атрымаць ад яго ў падарунак кнігу «Песьні матчыны з Вушаччыны». Матэрыял адтуль і стаў асновай для праекту.

На дыск акрамя кампазіцыяў сучасных музыкаў увойдуць арыгінальныя запісы сьпеваў маці паэта — Куліны Барадулінай, а таксама сьпевы ў выкананьні самога Рыгора Барадуліна. Цяпер ідзе збор сродкаў на выданьне. Рэліз заплянаваны на сьнежань 2016 году, а жывая прэзэнтацыя пройдзе 24 лютага 2017 году ў дзень нараджэньня паэта. Пасьля мяркуецца зладзіць канцэрты і ў іншых гарадах Беларусі.

На Tuzin.fm прэзэнтуецца два трэкі, якія ўвойдуць у гэты дыск. Народны сьпеў «Гойкнуў баравік» дзядзька Рыгор запісаў для аднайменнага альбому 2000 году, які даўно стаўся рарытэтам. Гэты ж твор выканалі ўжо для праекту Сяргея Доўгушава музыкі з гурта «Варган».

Яшчэ: Тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора (аўдыё)

Tuzin.fm