Зьміцер Сасноўскі: «На кавэрах кропка. І надоўга» (відэа)
1097 / 0
22.11.2016

Зьміцер Сасноўскі: «На кавэрах кропка. І надоўга» (відэа)

Па вяртаньні з гастроляў па ЗША і Расеі гурт «Стары Ольса» пачынае запіс новага альбому.

Выпадак унікальны — жывая прэзэнтацыя альбому беларускага выканаўцы прайшла спачатку за акіянам, а потым ужо ў Беларусі. Гаворка пра альбом «Medieval Classic Rock» гурта «Стары Ольса» з кавэрамі на клясычныя рок-гіты на старадаўніх інструмэнтах. Дыск быў выдадзены ў ЗША, а яго прэзэнтацыя адбылася ў Сан-Францыска. Агулам жа гурт наведаў 23 гарады ў 21 штаце і даў 58 канцэртаў. Музыкі падкрэсьліваюць — гралі пераважна свой матэрыял з ранейшых альбомаў. Пасьля Амэрыкі «Ольсы» далі таксама канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, а 20 лістапада выступілі ў Менску. На 26 лістапада ў музыкаў заплянаваны канцэрт у Гомелі.

Як паведаміў парталу Tuzin.fm лідэр «Старога Ольсы» Зьміцер Сасноўскі тэма кавэраў надалей гуртом ня будзе эксплёатавацца. «Пакуль гэта кропка. І надоўга. У нас назапасілася багата матэрыялу і мы пачынаем неўзабаве запісваць альбом, прысьвечаны застольнай культуры Вялікага Княства. Гэта песьні, якія сьпявалася ў корчмах, але яны не адпавядаюць нашаму цяперашняму ўяўленьню пра застольныя песьні. Тады сьпявалі сур’ёзныя баляды пра герояў, пра заснаваньне гарадоў, хоць, вядома ж, былі і песьні на пітную тэматыку», — сказаў музыка. Мяркуецца, што ў альбом увойдзе 12 песень. Выхад яго плянуецца на сярэдзіну 2017 году.

Відэа. Марыя Шарый са «Старога Ольсы» распавядае Ўсеваладу Сьцебураку ў «Размове дня» на тэлеканале «Белсат» пра тур па ЗША.

Tuzin.fm