Гурт «Аварыйнае выйсьце» сабраўся праз 12 гадоў, каб запісаць альбом (аўдыё)
1133 / 0
23.11.2016

Гурт «Аварыйнае выйсьце» сабраўся праз 12 гадоў, каб запісаць альбом (аўдыё)

Музыкі прэзэнтавалі першую частку рэлізу, у якую ўвайшлі пяць песень.

Гурт сабраўся разам пасьля працяглага перапынку. Вырашана было скончыць тое, што было колісь задуманае. «Гэты запіс для нас — успаміны немаладых інтэлігентаў пра моманты маладосьці, што казычуць душу і цела», — зазначае ўдзельнік гурта Дзяніс Іваноў. Баяніст Валеры Дарохін дадае, што думкі наконт таго, каб аднавіць дзейнасьць і зафіксаваць у студыйнай вэрсіі свае песьні паўставалі неаднойчы: «Не прайшло 12 гадоў, і мы вырашылі паспрабаваць. Запісалі на студыі пяць песень, якія гралі некалі разам. Таму я не ўспрымаю гэты запіс як новы этап — гэта тая праца, якую мы мусілі скончыць даўно. А зрабілі толькі цяпер». Да арыгінальнага складу гурта падчас запісу далучылася таксама духавая сэкцыя, і песьні атрымалі менавіта тое гучаньне, якога і прагнулі музыкі.

Гурт «Аварыйнае выйсьце» паўстаў у 2000 годзе. Заявіў пра сябе на фэстывалі «Рок-Кола-2001», дзе быў адзначаны за «самабытнасьць». Гралі канцэрты ў менскіх клюбах, выступалі разам са Зьмітром Сідаровічам і Касяй Камоцкай, трапілі ў этэр радыё і тэлевізіі, але пасьля 2003 году фактычна спынілі дзейнасьць.

Свае песьні музыкі вырашылі выкладаць па меры гатоўнасьці. Да канца году мяркуецца выкласьці яшчэ пяць-сем твораў. Падрабязьней пра гурт — на афіцыйным сайце.

Tuzin.fm