Мэтал-дэбют году! Nebulae Come Sweet запісалі першы альбом (аўдыё)
1122 / 0
29.11.2016

Мэтал-дэбют году! Nebulae Come Sweet запісалі першы альбом (аўдыё)

Менскае мэтал-трыё прэзэнтавала магутны рэліз, у працы над якім узялі ўдзел лідэры амэрыканскага гурту Minsk і швэдзкага Moloken.

Песьні з дыску «It Is Not the Night that Covers You» напісаныя пад натхненьнем ад паэзіі Томаса Эліёта і Ўільяма Гэнлі. Уласна і назва альбому — гэта алюзія на верш Гэнлі «Invictus». «Мы шукаем адказаў на звычайныя пытаньні, якія заўжды непакояць чалавека: хто я, якое месца займаю ў гэтым сьвеце і ў чым сэнс жыцьця. Таму наш альбом уяўляе зь сябе вандроўку ў бездань сваіх унутраных канфліктаў», — патлумачыў Tuzin.fm лідэр гурта Ігар Кавалёў.

Nebulae Come Sweet існуе ўжо чатыры гады. Яны робяць выдатныя канцэртныя шоў, добра пачуваюцца і ў акустыцы. Песьня «Ophelia» ўвайшла ў саўндтрэк да фільму «Граф в апельсинах». Але гэты дыск для гурта — першы поўнафарматны студыйнік. У яго запісе паўдзельнічалі шэраг запрошаных беларускіх музыкаў, як, напрыклад, лідэр праекту Dzivia Артур Матвіенка, а таксама замежныя госьці — Крыстафэр Бэнэт, вакаліст і гітарыст пост-мэтал гурту Minsk з ЗША ды лідэр швэдзкага квартэту Moloken Крыстафэр Бэкстрам. Зводзіў альбом Павал Сініла на менскай студыі Everest Media.

Nebulae Come Sweet карыстаецца пераважна ангельскаю мовай у сьпевах, але ў музыкаў таксама высьпявае канцэпцыя беларускамоўнага рэлізу. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі ЎКантакце і Фэйсбук.

Tuzin.fm