Мастак з Бэрліну зьняў відэа на песьню гурту Dzieciuki
1393 / 0
05.12.2016

Мастак з Бэрліну зьняў відэа на песьню гурту Dzieciuki

Нямецкі рэжысэр Робэрт Экштайн у кароткім роліку перадаў сваё адчуваньне песьні «Эпілёг» на словы Алеся Чобата.

Робэрт Экштэйн — гэта кліпмэйкер і візуальны мастак з Бэрліну. Ён зацікавіўся музыкай «Дзецюкоў» падчас працы над фільмам пра беларускую субкультуру — летась ён прыяжджаў у Беларусь разам з сэрбскім гуртом «Berlinska Droha». Песьня «Эпілёг» з альбому «Рэха» — адна зь яго ўлюбёных. Мастак папрасіў дазволу ў гарадзенцаў на тое, каб увасобіць яе ў відэа. «Мы далі згоду на тое, каб ён самастойна распрацаваў сваю канцэпцыю, як ён разумее і бачыць. З нашага боку не было ніякага ўдзелу», — кажа вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў. Па выніку атрымалася замалёўка, якую Робэрт прэзэнтаваў у сеціве. Аўтар пакідае прастору для трактоўкі. На думку Алеся Дзянісава, Робэрт паспрабаваў паказаць «складаны шлях цэлага народу праз вобраз аднаго чалавека, які блукае ў пошуках умоўных свабоды і шчасьця».

Надзвычай уразіла гэтае відэа тэкставіка гурту Дзяніса Жыгаўца. «Спачатку я не зразумеў да чаго гэты відэашэраг, а потым перагледзеў і ўразіўся. Бо ўбачыў сучаснага беларуса, які ня ўпісваецца ў стэрэатып пра памяркоўнага селяніна з пэрыфэрыі. Ён мае арыентыр (у відэа — мапу на далоні), але пэўны кірунак ня ведае. І вось ён мітусіцца, але ўрэшце знаходзіць тую самую дарогу. Але пытаньне застаецца: ці гэта той шлях, ці яго чакае яшчэ блуканьне па нібы знаёмым лесе».

Робэрт зьняў ролік абсалютна бясплатна і падараваў яго музыкам ды іх прыхільнікам.

Tuzin.fm