«Біток мы гарантуем!». «Лепшы квас» запусьціў арыгінальны праект (аўдыё)
1433 / 0
22.02.2017

«Біток мы гарантуем!». «Лепшы квас» запусьціў арыгінальны праект (аўдыё)

Малады гурт задумаў амбітную акцыю. Музыкі бяруцца павялічыць сваю аўдыторыю за два месяцы ў чатары разы.

Праект па ўласным прасоўваньні «Лепшы квас» назваў «#bitkom» і ўжо прадумалі стратэгію. У тэрмін два месяцы яны будуць весьці відэадзёньнік, сустракацца зь вядомымі музыкамі, рабіць у розных месцах закладкі запрашэньняў на выступы ды іншыя актыўнасьці для цяперашніх і патэнцыйных прыхільнікаў. А па выніку акцыі, 14 красавіка дадуць сольны канцэрт у клюбе «Ілі», на якім абяцаюць уласна біток — 200 чалавек.  Пакуль на самы пасьпяховы іх выступ сёлета ў лютым сабралася 50 чалавек. «Мы прыйшлі да ідэі запусьціць такі праект, бо нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не было, — кажа ў камэнтары для Tuzin.fm лідэр каманды Ўладзіслаў Лепяшынскі. — Мы толькі пачалі акцыю, але ўжо бачым актыўную рэакцыю людзей, а першая партыя квіткоў на наш красавіцкі канцэрт прададзена за тры гадзіны. Таму мы сьмела заяўляем, што павялічым сваю аўдыторыю ў рэкордна кароткія тэрміны».

Ужо запісанае першае відэа для праекту, у якім узяў удзел Сяргей Башлыкевіч. Дарэчы, менавіта ў ім быў закрануты гонар рэпэра Ангста. Сачыць за разьвіцьцём праекту і гурту можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm