Гурт расейскага шоўмэна Пушнога запісаў песьню па-беларуску (аўдыё/відэа)
1201 / 0
27.02.2017

Гурт расейскага шоўмэна Пушнога запісаў песьню па-беларуску (аўдыё/відэа)

«Пушной Band» разам з вакалістам гурту «Апотом» Кірылам Папакулем прэзэнтаваў песьню «Пінокіё».

Музыка і тэлевядоўца Аляксандар Пушной прызнаецца, што беларускамоўны трэк пра Пінокіё яго зачапіў «зь першага рыфу». «У ім дзіўны тэкст і добрая музыка, як я люблю», — зацеміў ён. Песьню ў арыгінале выконвае гурт «Апотом», а гэта, выходзіць, кавэр-вэрсія. Хоць разам з «Пушной Band»  яе выканаў вакаліст «Апотом» Кірыл Папакуль, ён жа ў відэароліку грае ролю Пінокіё, Базыля ды таты Карла. Забаўна, што арыгільная вэрсія кампазыцыі афіцыйна ня выйшла, пакуль прэзэнтаваны тызэр.

За два дні відэа сумесны трэк «Пушной Band» з «Апотом» паглядзелі каля 20 000 разоў, яно сабрала больш за 1500 лайкаў і каля 300 камэнтароў. Асаблівую цікавасьць у камэнтатараў выклікала мова выкананьня твору. Ужывую песьня ўпершыню прагучыць на канцэрце «Пушной Band» у маскоўскім клюбе Yotaspace 16 сакавіка, у якім таксама возьме ўдзел Кірыл Папакуль. 

Tuzin.fm