Канцэрт «Дай дарогу!» на Дзень Волі быў сарваны (+ моцнае відэа)
1146 / 0
27.03.2017

Канцэрт «Дай дарогу!» на Дзень Волі быў сарваны (+ моцнае відэа)

Беларускія музыкі былі вымушаныя спыніць свой выступ пасьля бойкі, якая адбылася на іх выступе ў варшаўскім клюбе «Маkulatura».

Канцэрт берасьцейцаў праходзіў 25 сакавіка ў варшаўскім клюбе «Маkulatura», але ў пэўны момант музыкі вымушаны былі спыніць выступ. Як паведаміў Tuzin.fm лідэр гурту Юры Стыльскі падчас таго, як ён граў шостую песьню, ён адчуў рэзкі пах: «Дыхаць было проста немагчыма. Казалі, што ў клюбе завязалася бойка. Ахова чамусьці прымяніла сьлёзатачывы газ, таму мы вымушаны былі спыніць выступ, бо дыхаць было няма чым». Падрабязнасьці пра інцыдэнт у варшаўскім клюбе распавяло «Польскае радыё». Паводле аднаго з наведнікаў, ён быў справакаваны неадэкватнымі дзеяньнямі аховы.

Тым часам «Дай дарогу!» адрэагавалі на падзеі, якія адбыліся на Дзень Волі ў Менску. Музыкі зрабілі відэаролік, куды ўвайшлі кадры гвалтоўнага разгону мірнага шэсьця. Саўндтрэкам да яго стала песьня «10 миллионов» з альбому «Сквозь говно» (2012). «Гэта жахлівае відэа пра тое, што адбывалася на 99-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі, на Дзень Волі. Яго павінны бачыць усе Беларусы», — заявілі з нагоды прэм’еры музыкі.

Яшчэ: Belsat Music Live №3. «Дай дарогу!» (поўнае відэа)

Tuzin.fm