На Tuzin.fm перазапускаецца рубрыка !OUT
2099 / 0
18.12.2013

На Tuzin.fm перазапускаецца рубрыка !OUT

Рубрыка журналіста, музыкі і дасьледчыка Віктара Сямашкі вяртаецца на «Тузін».

Віктар Сямашка пачаў супрацу з парталам Tuzin.fm у 2008 годзе, калі падрыхтаваў унікальнае аўдыё-дасьледаваньне пра беларускі андэграўнд 60—70-х гадоў. Зь ім можна пазнаёміцца на старой вэрсіі «Тузіна Гітоў».

З 2011 году Віктар вядзе на партале Tuzin.fm сваю рубрыку !OUT. «Яна прысьвечана беларускай музыцы, што засталася па-за шырокай ўвагай альбо незаслужана сьцерлася з памяці, пра музыку, што ствараецца па-за шаблёнамі, па-за грамадзкімі густамі ды часам па-за межамі Беларусі», — кажа аўтар пра яе сэнс. Дзякуючы Сямашку, наведнікі «Тузіна» пачулі запісы беларускіх музыкаў 40—45-гадовай даўніны, якія лічыліся назаўжды страчанымі, а таксама пазнаёміліся з выдатнымі сучаснымі гуртамі, невядомымі шырокай публіцы.

Ужо ад гэтага тыдня і кожны тыдзень рубрыка !OUT ізноў на «Тузіне». Будуць актуалізаваныя і дапоўненыя самыя цікавыя матэрыялы аўтара, якія друкаваліся раней, а таксама выстаўленыя зусім новыя матэрыялы пра (пера)адкрыцьці ў беларускай музыцы.

Tuzin.fm

Тэгi: