Арганізатары Tallinn Music Week: «Колькасьць якаснай музыкі зь Беларусі зьдзіўляе!»
2084 / 0
04.02.2014

Арганізатары Tallinn Music Week: «Колькасьць якаснай музыкі зь Беларусі зьдзіўляе!»

Адразу тры гурты зь Беларусі сыграюць у межах найбуйнейшага ва Ўсходняй Эўропе шоўкэйс-фэсту Tallinn Music Week.

У шостым фэсьце ў Таліне выступіць больш за 200 выканаўцаў з усяго сьвету. Сёлета ўпершыню быў зладжаны цэнтралізаваны адбор удзельнікаў зь Беларусі. Па выніку былі абраныя тры гурты. Першы — «Петля пристрастия» на чале з Ільлём Чарапком-Самахвалавым, прызнаны летась за аўтараў найлепшага расейскага альбому. Другі — новы пост-панк праект Super Besse з вакалам Максіма Кульшы (Blackmail) . Трэці — фолькавы гурт «Ветах» пад кіраўніцтвам Вячаслава Калацэя, які летась адзначыў 15-годзьдзе.

Праграмны дырэктар фэсту Крыста Раясаарэ зацеміла па выніках беларускага адбору, што колькасьць цікавай якаснай музыкі зь Беларусі яе прыемна зьдзівіла. Таму вырашылі запрасіць з нашае краіны адразу тры каманды. Дагэтуль у Tallinn Music Week удзельнічаў толькі адзін гурт зь Беларусі — праект колішняга ўдзельніка «Троіцы» Зьмітра Лук’янчыка Folkmashina.

Cярод выступоўцаў зь іншых краінаў называюцца такія каманды, як Everything Is Made In China з Расеі, брытанцы Public Service Broadcasting, нямецкая Ballet School ды іншыя.

Tallinn Music Week пройдзе з 27 да 29 сакавіка. Беларусы могуць набыць квіток-пропуск коштам 590 тысячаў рублёў на ўсе канцэрты фэсту на сайце Bileti.by.

Сайт фэсту

Tuzin.fm