2041 / 0
08.02.2014

Прэмія «Даём рады»: «Ляпісы» — гурт году, альбом году ў Litvintroll

7 лютага ў клюбе Re:Public прайшла прэмія «Даём рады», заснаваная «Эўрарадыё».

Узнагароды ад «Эўрарадыё» ўручаюцца другі год і праходзяць у Re:Public зь нязьменным аншлягам. Усе намінацыі ўмоўна падзяляюцца на два блёкі — сур’ёзныя і жартаўлівыя.

З жартаўлівых. Кіраўніка студыі «Осмас» Паўла Юрцэвіча назвалі «Няспраўджанай надзеяй — 2013», якую даюць вядомым асобам, якія спрабуюць сябе ў справе стэйдждайвінгу (скоках у натоўп папросту). Летась яе атрымаў Аляксандар Памідораў. Зусім новая намінацыя — прэмія імя Алісы Жыдовіч, заснаваная музычнай рэдакцыяй «Эўрарадыё» пад уражаньнем ад канфлікту з гуртом Naka. Яе атрымалі Зьміцер Безкаравайны і Тацяна Заміроўская. Гурт N.R.M. названы «Непатанаючай легендай», а дызайнэр альбому «Чорная панна» гурта Litvintroll атрымаў перамогу ў намінацыі «Каляка-маляка» за тое, што намаляваў вокладку дужа падобную да вокладкі альбому Paradise Lost «Tragic Idol».

Litvintroll быў адзначаны і ў сур’ёзнай намінацыі. Іх «Чорная панна» была прызнаная «Альбомам году». «Сынглам году» стала «Гуантанама» гурта Nizkiz. Перамогу ў намінацыі «Сольны выканаўца году» ўзяў другі раз запар Зьміцер Вайцюшкевіч. «Фэстам году» названая «Камяніца», «Праектам году» — «Джазавыя вечары ля Ратушы», «Дэбют» атрымаў Tonqixod.

Перамогу ў галоўнай намінацыі — «Гурт году» атрымаў «Ляпіс Трубяцкі» (яны ж атрымалі «Кліп году» за «Месяц»). Узнагароду за каманду атрымаў яе прадстаўнік у Беларусі Зьміцер Безкаравайны.

Акром таго быў названы пераможца ў новай намінацыі — «Найлепшы эўраальбом году». Ім стаў «Right Thoughts, Right Words, Right Action» гурта Franz Ferdinand.

Tuzin.fm