2534 / 0
14.03.2014

Аляксей Варсоба (Port Mone): «Мы баяліся ехаць у Крым» (відэа з канцэрту ў вайсковай частцы)

Выступ беларускага гурта ў частцы А4368, што знаходзіцца ў пасёлку Бура пад Севастопалем адбыўся 10 сакавіка.

Прыехаць у Крым музыкам прапанавала ўкраінскае агенцтва «Арт-поле», зь якім шчыльна супрацоўнічае Port Mone. Тыя не вагаліся ды адразу селі на цягнік. Гралі ў частцы, якую заблякаваў расейскі спэцназ, а ўкраінскія вайскоўцы адмовіліся здаць ім зброю ды вывесілі сьцяг сваёй краіны. Лідэр гурта Port Mone Аляксей Варсоба ў камэнтары для Tuzin.fm прызнаўся, што ехаць у Крым было страшнавата. «Канечне, мы баяліся, але гэта ў асноўным зьвязана з інфармацыйным ціскам з нагоды сытуацыі там. Пасьля таго, як мы дабраліся да часткі, стала зразумела, што на месцы сытуацыя даволі нэрвовая. Але гэта зусім ня вайна і не разгул экстрымізму, тым больш не вядзецца ні пра які фашызм».

Па прыезьдзе з Крыму, музыка згадаў у інтэрвію Эўрарадыё ў якіх абставінах давялося граць: «За мэтраў 500 ад нас былі снайпэры, хадзілі аўтаматчыкі і быў блёкпост — іх тут называюць каларадзкімі жукамі. Магчыма таму, што мы беларусы і музыканты, таму яны не асабліва да нас дакалупваліся…»

PortMone далі таксама яшчэ адзін канцэрт у Сымфэропалі, у клюбе «Ірэй».

Tuzin.fm