1978 / 2
26.03.2014

Аўтары пэтыцыі да «Ляпісаў»: «Наш голас павінны быць пачуты!»

Прыхільнікі творчасьці гурта «Ляпіс Трубяцкі» просяць Сяргея Міхалка перагледзіць рашэньне аб роспуску.

У тэксьце пэтыцыі гурту «Ляпіс Трубяцкі» прыхільнікі просяць перагледзіць рашэньне аб самароспуску і працягваць сьпяваць дзеля «найлепшай будучыні нашых краінаў» (зварот тычыцца таксама краінаў Балтыі, Расеі, СНД). На гэты момант сабрана 1230 подпісаў. Tuzin.fm зьвязаўся з ініцыятарамі звароту з просьбай патлумачыць, чаму яны пастанавілі сабраць менавіта 10 000 подпісаў і ці вераць у тое, што іх меркаваньне будзе пачутае.

«10 000 — гэта дастаткова вялікая колькасьць для прыхільнікаў онлайн-пэтыцыі. Гэта, канечне, не мяжа, і калі ахвотных падпісаць пэтыцыю будзе нашмат больш, калі ласка, мы пашырым межы. У той жа час, пераадолеўшы або проста наблізіўшыся да гэтай адзнакі, будзе зразумела, што колькасьць тых, хто супраць распаду Ляпісаў“, пастаянна расьце і пэтыцыя можа дасягнуць куды большых вынікаў», — кажуць хлопцы з ініцыятывы «Ляпісы вечныя».

«Безумоўна, мы ня можам быць упэўненымі ў тым, што подпісы змогуць вырашыць далейшы лёс „Ляпіса Трубяцкога“. Але зразумейце самае галоўнае: ні да якой справы нельга ставіцца абыякава. Тым больш, што, скажам, твой любімы гурт, які натхняе цябе на творчасьць і сапраўды дае надзею на лепшую будучыню, заяўляе пра свой распад. Так, у Міхалка ня можа ня быць пляну далейшых дзеяньняў, і мы верым, што калектыў чакае ператрансфармацыя ці яшчэ нейкія зьмены, якія, хай так будзе, не закрануць магутную моц слова галоўнага Ляпіса“ і творчасьць усяго гурта. Які б ні быў плян, голас прыхільнікаў Ляпіса Трубяцкога“ і неабыякавых да грамадзянскай пазыцыі людзей мусіць быць пачутым. Ні ў якім разе не маўчыце!» — заклікаюць аўтары звароту.

Цікава, што таксама з дапамогай пэтыцыі прыхільнікі N.R.M. заклікалі вярнуцца Лявона Вольскага ў склад гурта. Праўда, плёну гэта пакуль не прынесла.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Цэтлік / адказаць
    27.03.2014 / 13:38

    Файная ініцыятыва!
    Але як падпісаць? Спасылка не працуе...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    27.03.2014 / 13:56

    Спасылку на пэтыцыю падправілі. Дык падпісвайцеся:)

  • КАМЕНТАВАЦЬ