2068 / 0
03.04.2014

Мара Хітрык зьдзейсьнена: S°unduk грае ў Купалаўскім (відэа)

Ганна Хітрык з гуртом S°unduk дае вялікі сольны канцэрт на сцэне тэатру імя Янкі Купалы.

Як абяцае сама сьпявачка, праграма канцэрту 14 красавіка будзе цалкам беларускамоўнай. S°unduk ужо заяўляў пра свой намер запісаць альбом па-беларуску, але перад гэтым вырашыў даць канцэрт па-беларуску. Ды яшчэ на сцэне тэатру імя Янкі Купалы. «Для мяне гэта было запаветнаю мараю, зладзіць выступ менавіта ў сьценах свайго роднага тэатру. І я неймаверна радая, што яна зьдзейсьненая!» — кажа Ганна Хітрык. Заля Купалаўскага вызначаецца выдатнай акустыкай, і тут вельмі рэдка праходзяць музычныя імпрэзы. Пайграць у гэтым тэатры пускалі «Народны альбом», «Палац», «J:морс».

Да канцэрту рыхтуецца адмысловая візуалізацыя, якую ўжывую будзе рабіць мастачка па пяску Наста Шастак, вядомая з кліпу «BY YOU» гурта Naka ды з удзелу ў супольным музычным праекце «Апошні золак», дзе яна з Хітрык і пазнаёмілася. Таксама да гурта S°unduk далучыцца знаны беларускі клявішнік Дзьмітры Хаменка. Рэдкая справа — беларускамоўны канцэрт падтрымала таксама буйная кампанія: спонсарам імпрэзы выступае Velcom.

Ганна абяцае, што S°unduk прадставіць вiдовiшчную тэатралiзаваную дзею: магчымасьці Купалаўскага тэатру дазваляюць ажыцьцявіць складаныя задумы, якія нерэальна ўвасобіць на клюбных пляцоўках. Падрабязнасьці пра канцэрт — у нашай «Афішы»

Tuzin.fm

S°unduk — Вясна, відэа Яўгена Шапчыца, Tuzin.fm