2178 / 0
04.04.2014

Алегу Хаменку — 47! (відэа)

Лідэр гурту «Палац» і сябра рэдакцыі Tuzin.fm адзначае дзень народзінаў.

Алег Хаменка — саліст, аўтар музыкі, кіраўнік гурту «Палац». Нарадзіўся ў Менску 4 красавіка 1967 году. У школьныя часы вучыўся па клясе трамбону, у 1990 годзе (зь перапынкам на службу ў войску) скончыў Менскі інстытут культуры, эстрадна-духавую катэдру. У 2007 годзе скончыў асьпірантуру ва Ўнівэрсытэце мастацтваў і культуры (культаралёгія). Цяпер працуе тут на катэдры мэнэджмэнту сацыяльнай і культурнай дзейнасьці і вядзе курс «Тэхналёгіі прадусаваньня».

У музыцы з 1987 году. У 1992 годзе — у гурце «Палац», назву якога і прыдумаў. Лічыцца стваральнікам новага кірунку ў сучаснай музыцы — «фольк-мадэрн». Разам з гуртом выступаў на розных фэстах, зладжаных дзяржаўнымі ўстановамі і мясцовымі ўладамі — «Зов Полесья», «Маладзечна», «Славянскі базар», прадстаўляў краіну на міжнародных фэстывалях, неаднаразовы ўдзельнік «Басовішча». Уваходзіў у Рэспубліканскую грамадзкую раду па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў (2010).

Арганізатар фэстывалю Bela Music, кансультант і вядучы шэрагу іншых буйных беларускіх незалежных фэстываляў. Аўтар і вядучы шэрагу праграмаў на тэлебачаньні і радыё (тэлеканал «Лад», «Радыё Мінск», «Аўтарадыё», «Радыё Рацыя»). Суаўтар (разам з Алесем Камоцкім) афіцыйнага гімну ХК «Дынама» (Менск). Аўтар праекту «Беларускія народныя казкі».

З 2005 году вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў» на хвалях Радыё Менск і Радыё Рацыя. З 2011 году — вядучы канцэртаў сэрыі «Тузін.Unplugged» і «Жывы Тузін».

Рэдакцыя Tuzin.fm віншуе Алега і жадае яму плёну, шацунку, дабрабыту ды незгасальнага імпэту!

Tuzin.fm

Міні-фільм пра Алегу Хаменку для праекту «Белы сьпіс» (аўтары Сяргей Будкін, Алесь Матафонаў)