Лэсьлі Найф ідзе ў прэзыдэнты: «Я хачу пасьмяяцца зь беларускіх выбараў»
1834 / 0
07.04.2014

Лэсьлі Найф ідзе ў прэзыдэнты: «Я хачу пасьмяяцца зь беларускіх выбараў»

Лідэр гурта Gods Tower публічна заявіў пра свой намер балятавацца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе.

Пра свой намер Уладзіслаў Наважылаў, вядомы як Лэсьлі Найф, абвесьціў праз сацсеткі і нават стварыў адмысловы сайт з гэтае нагоды. У сваёй перадвыбарчай праграме музыка кажа пра неабходнасьць легалізаваць карупцыю, даць законнае месца ў рэзэрвацыях тым, хто прагне «свабоды быць свабодным ад свабоды», абяцае заняцца пагалоўнай рабатызацыяй насельніцтва ды распрацоўкай касьмічнай праграмы.

«Калі я стану прэзыдэнтам, то найперш выдам указ пра пабудову ў Беларусі касмадрому ды правядзеньні ўласнай Алімпіяды. Акром таго, мы запатрабуем вярнуць усе нашы спрадвечныя землі ад Айдага да Плютону. Мы ня будзем разьменьвацца на танкі, самалёты ды кулямёты, а пабудуем сваю Зорку Сьмерці з чаркай ды шкваркай…» — піша Лэсьлі Найф.

Намер Лэсьлі выклікаў бурны розгалас у сеціве, у тым ліку жорсткую крытыку. На гэта лідэр Gods Tower адказаў, што з дапамогай сваёй «праграмы» хоча пакпіць зь беларускіх выбараў: «Народ, які страціў пачуцьцё гумару — гэта гаворачае быдла. Калі вы станеце ўхахатвацца з сваіх ворагаў, тады вы іх адолееце».

Гэта ня першы выпадак, калі тэма прэзыдэнцкіх выбараў хвалюе музычную грамадзкасьць. У 2004 праект UltraВожык запісаў праграмны твор «Кагда я стану прэзідэнтам». У 2010 годе ў апытаньні «Каго з музыкаў вы б вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі», што праводзіў партал «Тузін Гітоў», перамог Лявон Вольскі, але сам музыка заявіў, што палітыкай пакуль займацца не зьбіраецца. На выбарах-2010 музыка Зьміцер Вайцюшкевіч быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Летась у сацыяльных сетках пачалася кампанія па высоўваньні ў прэзыдэнты лідэра гурта «Ляпіс Трубяцкі» Сяргея Міхалка, але ідэя не атрымала падтрымкі ў людзей.

Tuzin.fm