Паліна Рэспубліка спраўляе 20-годзьдзе! (відэа)
2709 / 0
08.04.2014

Паліна Рэспубліка спраўляе 20-годзьдзе! (відэа)

Галоўная надзея беларускай незалежнай сцэны сьпявачка Паліна Паланейчык (Паліна Рэспубліка) адзначае 20-ы дзень нараджэньня.

Паліна Рэспубліка нарадзілася ў 1994 годзе ў Менску. Музыкай займаецца з маленства. Сьпявала ў эстраднай студыі «Рапсодыя», займалася на фартэпіяна. Удзельнічала ў конкурсе «Сузор’е надзей», у дзіцячым конкурсе ў Зялёнай Гуры, дзе разам зь іншымі гадаванцамі студыі ўзяла Гран-Пры. Уласныя песьні піша з 15 гадоў. Дэбютавала ў якасьці аўтара-выканаўцы на фэстывалі «Срэбраныя струны» ў 2009 годзе.

Вядомасьць атрымала пасьля ўдзелу ў «Бардаўскай восені — 2011» – найстарэйшым беларускім фэсьце аўтарскай песьні, які праводзіцца ў Польшчы. У апошні момант яна падала заяву ды ўзяла Гран-Пры на конкурсным канцэрце ў Бельску-Падляскім. У гэтым жа годзе партал Tuzin.fm прызнаў яе «Адкрыцьцём году» ў беларускай музыцы. Паліна атрымала запрашэньне паўдзельнічаць у канцэрце з сэрыі «Тузін.Unplugged» разам з гуртамі BosaeSonca і «J:Морс». Відэа з таго канцэрту песьні «Як ты?» стала дужа папулярным у сеціве. На 18-годзьдзе ў клюбе «Графіці» пры падтрымцы «Тузіна» пры поўным аншлягу адбыўся першы клюбны канцэрт Паліны. Паліна паўдзельнічала ў якасьці госьця на шэрагу буйных фэстах, у тым ліку «Пікнік.BY» і Halfway Festival у Польшчы. На сёньня — гэта адна з самых запатравабаных сьпявачак у Беларусі.

З нагоды 20-годзьдзя Паліна Рэспубліка дае 8 красавіка разам з сваім гуртом самы маштабны канцэрт у сваёй кар’еры — у клюбе «Мулен Руж». Практычна ўсе квіткі на яго прададзеныя.

Tuzin.fm жадае Паліне бясконцага творчага запалу. І ніколі не хварэць!

Tuzin.fm

Праграма Беларускай тэлевізіі «Арці-шок» пра Паліну Рэспубліку