2904 / 0
14.04.2014

Уладзь Лянкевіч: «Прасьпяваць можна абсалютна ўсё» (відэа)

Уладальнік літаратурнай прэміі «Дэбют-2013» імя Максіма Багдановіча і вакаліст гурта Tonqixod зьвярнуўся да маладых беларускіх музыкаў з нагоды конкурсу «Засьпявай.BY».

«Ёсьць меркаваньне, што ня ўсе вершы можна зрабіць песьнямі. Я лічу, што гэта няпраўда. Прасьпяваць можна абсалютна ўсё і ня важна ў рыфму гэта, з рытмам ці гэта белы верш альбо вэрлібр. Зычу браць найцяжэйшыя варыянты, напрыклад вэрлібры Андрэя Адамовіча і рабіць зь іх песьні. Было б цікава пачуць песьні на вершы Васіля Віткі ці напаўдзіцячыя вершы Сяргея Прылуцкага», — заявіў музыка і паэт Уладзь Лянкевіч у адмысловым відэазвароце.

У сакавіку 2014 году Ўладзь атрымаў прэмію «Дэбют» у намінацыі «Паэзія» за кнігу «70% вады». Яго тэксты надзвычай мэтафарычныя, яны выдатна гучаць у спалучэньні з музыкай. Адзін зь яскравых прыкладаў — верш «Насыпаць горы», які стаў песьняю і ў выкананьні гурту Tonqixod перамог у аўдыёчарце на Tuzin.fm. Зь некаторымі вершамі Лянкевіча можна пазнаёміца тут.

Заявы на конкурс «Засьпявай.BY» ад музыкаў прымаюцца да 1 траўня. Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс і зьвядзеньне песьні з украінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Тік», «Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі»).

Tuzin.fm