Баяніст «БосагаСонца» даў элегантны адлуп тролям з Tut.by (відэа)
2337 / 0
29.04.2014

Баяніст «БосагаСонца» даў элегантны адлуп тролям з Tut.by (відэа)

Алесь Ясінскі паставіў на месца крытыкаў гурту.

BosaeSonca прадставілі live-відэа на сваю новую песьню «Бывай», якую лідэр гурту Алесь Кот-Зайцаў задумаў пад уражаньнем ад таго, што шэраг яго сяброў зьехалі за мяжу — вучыцца, працаваць ці ў пошуках лепшай долі. Але песьня ўрэшце рэшт атрымалася зь нясумным пасылам, бо Алесь разумее, што «такога кшталту перамены — гэта рух, безь якога жыцьцё было б тупой стабільнасьцю». Песьню вырашана было зрабіць з струннымі, партытуры да якіх напісаў баяніст гурту Алесь Ясінскі. Відэа запісалі ў кнігарні «ЛогвінаЎ» ды прэзэнтавалі ў сеціве.

Па традыцыі, знайшліся разумнікі, якія ўшчэнт спляжылі і песьню, і гурт, што атрымаў сёлета прыз у намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом» на прэміі Experty.by ды «Дэбют году» і «Запіс году» на прэміі Rock Profi. Карыстальнікі парталу Tut.by назвалі песьню «поўнай лухтой» ды «панурым расейскім рокам». Адзін з «дарадцаў» у прыватнасьці напісаў: «Паслухаў я гэтую кампазыцыю, цяпер я ў роздуме. За што??? Калі ж гэта самыя лепшыя, то дзе тады сапраўдныя музыкі? Вам, рабяты, трэба працаваць, працаваць і працаваць, а ня граць у выканаўцаў».

На гэты камэнтар адрэагаваў Алесь Ясінскі: «Шчыра Вам скажу, я працую. Над сабою. Вучыўся ў музычнай школе ў Баранавічах, потым у музычным коледжы пры кансэрваторыі ў Менску, потым у самой кансэрваторыі па дзьвюх спэцыяльнасьцях, потым у Праскай кансэрваторыі таксама па дзьвюх спэцыяльнасьцях. Усё скончыў на выдатна. Займаюся і працую штодня. Але выходзіць няслушна ды ня туды. З радасьцю хацеў бы пачуць Вашае кампэтэнтнае меркаваньне — як мне працаваць? Над чым? Як займацца? У якім рэчышчы аранжаваць творы? Як граць на баяне? Што канкрэтна ня так». Інтэрнэт-тролі не знайшліся што парадзіць ды зьніклі як дым.

BosaeSonca плянуе запісаць песьню «Бывай» таксама ў электрычнай вэрсіі ды прэзэнтаваць на партале Tuzin.fm

Tuzin.fm