4328 / 0
07.05.2014

Лявон Вольскі: «Я не баюся абвінавачваньняў у экстрэмізьме» (відэа)

Выканаўца прадставіў новы кліп на песьню «Шэрая кроў», які зьняў рэжысэр Сяргей Аўсяньнік.

Хоць Лявон Вольскі і не хацеў рабіць стаўку на пэўную песьню з свайго альбому «Грамадазнаўства», так сталася, што менавіта «Шэрая кроў» стала галоўным гітом з гэтага рэлізу. Яе ўжо сьпяваюць прыхільнікі на канцэртах, яна трапіла ў чарт на Tuzin.fm. На яе ж вырашана было зрабіць відэаролік высілкамі рэжысэра Сяргея Аўсяньніка ды прадакшн-студыі Cinema Pride. Гэтая каманда здымала кліп на песьню «Мир» гурту S°unduk. Дарэчы, Ганна Хітрык узяла чынны ўдзел і ў працы над ролікам Вольскага — кансультавала актораў.

Відэа гэтае яўна не пакажуць па дзяржаўных тэлеканалах, хаця б таму, што ў роліку запальваецца кактэйль Молатава. У Горадні на днях была накладзена забарона на канцэрт гурту Pet Nihil, бо на вокладцы іх альбому фігураваў чалавек, які кідае запальную сумесь.

Лявон Вольскі ў камэнтары для Tuzin.fm зазначыў, што абвінавачваньняў у экстрымізьме зусім не баіцца: «Хто здольны разумець, той зразумее сэнс гэтае працы. А хто ня здольны, таму ўсё адно нічога не патлумачыш».

Нагадаем, што ў прадчуваньні праблемаў зь вялікім канцэртам у Менску, Вольскі вырашыў зрабіць прэзэнтацыю «Грамадзнаўства» ў Вільні ўвосень 2014 году.

Tuzin.fm