2327 / 0
13.06.2014

На фэсьце «Бандэрштат» будзе спэцыяльная праграма для беларусаў (відэа)

Арганізатары ўкраінскага музычнага фэстывалю «Бандэрштат» абвесьцілі склад удзельнікаў. Па традыцыі сярод іх і беларускі гурт.

Фэст «Бандэрштат» пройдзе ў Луцку ўжо ў восьмы раз з 1 па 3 жніўня. Ён прысьвечаны памяці Сьцяпана Бандэры, які ва Ўкраіне шануецца як нацыянальны герой, ды ўсім ваярам Украінскай паўстанчай арміі. Фэст праводзіць моладзевая арганізацыя «Нацыянальны альянс». Да ўдзелу ў ім запрашаюцца выканаўцы, творчасць якіх мае «праўкраінскі зьмест». Выключэньне толькі для беларускіх гуртоў. У розныя часы на «Бандэрштаце» ўжо выступалі Mauzer, Vinsent, Sciana, Akute і Terrakod.

Сёлета на ўкраінскі фэст запрасілі гурт Zatoczka. Хэдлайнэры з украінскага боку — «Скрябін», «Моторрола», «Кому Вниз» і «Фіолет».

Прэс-служба фэсту паведамляе, што сёлета на фэсьце ўпершыню для беларускіх гасьцей рыхтуецца спэцыяльная праграма. У прыватнасьці заплянаваныя творчыя сустрэчы з шэрагам вядомых беларусаў. Падрабязнасьці абяцаецца паведамляць праз адмысловую старонку ў сеціве.

Tuzin.fm

Прома-ролік фэсту «Бандэрштат-2013»