Тацяне Беланогай — 30 гадоў! (відэа)
1743 / 0
24.06.2014

Тацяне Беланогай — 30 гадоў! (відэа)

24 чэрвеня сваё 30-годзьдзе адзначае адна з самых яскравых беларускіх сьпявачак.

Адзін з сваіх дыскаў Тацяна хацела назваць «Песьні сьляпой», але потым аддала перавагу іншай назьве — «Пабачыць сьвет». Магчыма, таму, што ў той час вучылася на географа ў пэдагагічным унівэрсытэце і вельмі любіла вандраваць. Але сьпявачка ўкладае ў назву ня толькі гэты сэнс: «Падаецца, што амаль усе людзі сьляпыя, — амаль цытуе яна Біблію. — Бо так ім прасьцей жыць. І мне хочацца, каб сьляпая чалавечая душа перарадзілася ў душу, якая адчувае гэты сьвет». Улюбёная паэтка Беланогай — Яўгенія Янішчыц, а ўлюбёная сьпявачка — Кася Камоцкая. Ад першай яна ўзяла трагічную вобразнасьць, ад другой — выразнасьць эмоцыяў. «Я адчуваю сьвет, відаць, гэтак жа, як і Янішчыц», — кажа Тацяна. Ніводзін выступ яе не абыходзіцца бязь песень на вершы гэтай паэткі. З Камоцкай Беланогая ў сяброўскіх адносінах. Менавіта Кася параіла ёй узяць удзел у бардаўскім фэсьце «Ballada OPPA», які праходзіў у Варшаве ў 2006 годзе. Беланогая там узяла галоўны прыз і права бясплатнага запісу новага альбому. Гэта яе другая буйная перамога — у 2004 годзе яна заняла першае месца на «Бардаўскай восені» ў Бельску-Падляскім.

Дзіва, але Беланогая стала сьпяваць выпадкова. Яна ня мае музычнай адукацыі і самастойна навучылася граць на гітары — сяброўка акорды паказала. Сьпявала спачатку па-расейску, аднак з узростам прыйшло ўсьведамленьне, што «ў нас павінны быць свае Янкі Дзягілевы і Аляксандры Башлачовы. Ня варта думаць, што ў суседзяў ёсьць свая культура, а мы да таго яшчэ не дарасьлі». Тацяна да гэтага прыйшла толькі ў васямнаццаць гадоў і цяпер марыць, каб яе дзеці мелі тое, чаго не было ў яе маленстве, — мову. Яна магла стаць лідэрам рок-каманды, аднак выбрала бардаўскі шлях: «Ня хочацца несьці адказнасьць, хочацца залежаць толькі ад сябе». Але яна не выключае, што ў будучыні стане рок-сьпявачкай. У яе нават песьня ёсьць, якая «Беларускі рок-н-рол» завецца. Яна выступае часьцяком дуэтам з гітарыстам. Засталося толькі прыдбаць рытм-сэкцыю. «Бардаўская песьня цяжэйшая для разуменьня, чым рок-музыка, — кажа Тацяна. — У бардаў мінімум інструмэнтаў, але яны бяруць іншым — там вялікі тэкставы прэс. І слухач мусіць няспынна думаць разам з музыкам». На яе думку, беларуская бардаўская песьня можа стаць папулярнай. «Я да таго прыкладу максымум высілкаў», — кажа Таня.

Tuzin.fm віншуе сьпявачку з круглай датай і зычыць ніколі ня страчваць імпэту і натхненьня!

Інтэрнэт-рэліз альбому Тацяны Беланогай «Сьвятло і цені» на Tuzin.fm.

з архіву Tuzin.fm (лістапад 2007)

за тры месяцы
за тры месяцы