Гісторыя каханьня
6984 / 0
16.01.2019

Беларуская «Гісторыя каханьня» Маргарыты Ляўчук (аўдыё/відэа)

Знакамітая баляда «La Historia De Un Amor», якую выконвалі Сэзарыя Эвара, Хуліё Іглесіяс і Даліда, загучала ў выкананьні зоркі беларускае Опэры Маргарыты Ляўчук. Упершыню па-беларуску!

Ідэя зрабіць беларускую вэрсію «Гісторыі каханьня» зьявілася ў час падрыхтоўкі да праграмы Belsat Music Live з удзелам Маргарыты Ляўчук. «Калі мы абмяркоўвалі, што будзе сьпяваць Маргарыта, то вырашылі, што акрамя опэрных нумароў яна выканае некалькі папулярных песень. Хацелася паказаць, што яна выдатна сябе пачувае і ў іншых музычных жанрах», — кажа прадусар сьпявачкі Аляксандар Чахоўскі. Сярод іншых была прапанова выканаць «La Historia De Un Amor» — песьню аўтарства Карласа Элета Альмарана, якая паўстала ў 1955 годзе і лічыцца адным з клясычных джазавых стандартаў. У арыгінале яна выконваецца па-гішпанску, адмыслова для гэтага запісу яе пагадзіўся перакласьці на беларускую Алесь Камоцкі. На запісе праграмы Маргарыта выканала беларускі тэкст і частку арыгінальнага.

Глядзець цалкам выданьне Belsat Music Live з Маргарытай Ляўчук

«Гэта надзвычай прыгожая песьня і я была шчасьліва выканаць яе ў беларускай вэрсіі», — дзеліцца ўражаньнямі сама сьпявачка. Беларускую «Гісторыю каханьня» яна выканала пад акампанэмэнт гітарыста Міхаіла Філіпені, удзельніка вядучай джазавай каманды Беларусі «Apple Tea».

Песьня «Гісторыя каханьня» возьме ўдзел у трэцім туры аўдыёчарту на TuzinFM сэзону 2018/2019, які будзе складацца з абраных нумароў удзельнікаў аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live.

Маргарыта Ляўчук — Гісторыя каханьня (музыка і словы Карласа Элета Альмарана, беларускі тэкст Алеся Камоцкага)

TuzinFM

Часта бачу гэты сон там толькі ты,

Па-за сном сьвет падаецца мне пустым.

І душа шукае месца,

І няма куды падзецца

Ад цябе і ад сябе.

 

Безь цябе маё жыцьцё губляе дні,

Мару вечна я цябе кахаць і сьніць.

Толькі сэрца маё грэе

Цэлы час адна надзея —

Быць з табой адно жыцьцё.

 

Бачу вочы, і ў вачах

Нараджаеца сьвет

Невядомых новых зор,

І за імі ўсьлед

Паплывем на хвалі шчасьця,

Ня маючы мяжы,

Нам гісторыю каханьня

Давядзецца перажыць.

 

Безь цябе маё жыцьцё губляе дні,

Мару вечна я цябе кахаць і сьніць.

Толькі сэрца маё грэе

Цэлы час адна надзея —

Мець з табой адно жыцьцё.

 

Es la historia de un amor

como no hay otro igual,

que me hizo comprender

todo el bien, todo el mal;

que le dio luz a mi vida

apagándola después,

hay que vida tan obscura,

sin tu amor no viviré.

Siempre fuiste la razón de mi existir,

adorarte para mí fue religión,

en tus besos yo encontraba

el calor que me brindaba

el amor y la pasión.