«Паважны Тузін» ад Re:Public
3810 / 0
04.07.2014

«Паважны Тузін» ад Re:Public

Cвой тузін галоўных беларускіх песень сэзону на Tuzin.fm прадстаўляе дырэктар Re:Public і агенцтва «Канцэпт-стыль» Андрэй Старцаў.

Уважліва праслухаў усе 60 песень, што ўдзельнічалі ў чарце на Tuzin.fm у гэтым сэзоне. Мне здалося, што агульны ўзровень прадстаўленых кампазыцыяў ня надта высокі. Вельмі шмат твораў проста ні пра што. Я і пра музыку, і асабліва пра тэкст. Беларускамоўныя паэты-песеньнікі — вялікі дэфецыт. Асабіста для сябе адкрыў Паліну Рэспубліку — вельмі таленавітая сьпявачка і харызматычная.

Па якіх крытэрах я абіраў сваю дванаццатку? Мне проста спадабаліся гэтыя песьні. Мне зусім недаспадобы тыя кампазыцыі, у якіх няма прыгожай мэлёдыі, адсутнічае добра пастаўлены голас, бракуе песеннай паэзіі. Мне не падабаюцца песьні, якія цябе чамусьці вучаць ды тыкаюць носам у вядомыя ўсім праблемы.

І вось якія творы ўпадабаў:

Akute Наскрозь

Гэты гурт ёсьць люстэркам сёньняшняга маладога пакаленьня. Эстэты, арыгіналы, геніі, прыгажуны. Можна якую заўгодна песьню ў іх выкананьні ставіць у гіт-парад.

Gods Tower Людзі на балоце

Песьню «Людзі на балоце» можна разглядаць як навуковы дапаможнік для рокераў усіх краінаў, не інакш. 

Паліна Рэспубліка — Лета

Сьпеў гэты — як вясёлка, ад якой папросту не адвесьці пагляд.

Yellow Brick Road — Нулявыя

Цікавая касьмічная кампазыцыя. Прыгожая і да нічога не падобная.

J:морс Джала

Твор Уладзімера Пугача чапляе адразу і не адпускае да канца. Кляс!

Sounduk — Сёньня ня мой дзень

Аня Хітрык не пяе кепскіх песень. «СНД» — вельмі мілая кампазыцыя.

Палац — Шэрая поўсьць

Дзіва проста — песьня ў выкананьні мэтра Алега Хаменкі.

Зьміцер Вайцюшкевіч і Vinsent — Дачакайся, матуля

Сумесны твор двух Дзімаў, які ня можа пакінуць абыякавым. Найперш самой абранай тэмай і велічэзным талентам кожнага з выканаўцаў. 

Песьняры — Кацярынка маладая

Гэта найвышэйшы кляс! Школа Мулявіна павінна жыць вечна. І сіла гэтай школы якраз не ў старых песьнях, якія гэтыя ды іншыя «Песьняры» ўжо пераўтварылі ў кіч, хоць некаторыя і называюць гэта постмадэрнізмам. Моц у разьвіцьці. Хочацца новых песень. І іх ёсьць у вас.

Мутнаевока — Драпежная котка

Выдатны твор Жэні Змушкі. Тэкст, аранжыроўка, мэлёдыя, выкананьне сьведчыць пра тое, што «мутныя» сасьпелі для зьдзяйсьненьня вялікіх справаў.

Стары Ольса — Ave Maria

Настолькі незвычайны і прафэсійны твор, што перасьледуе адчуваньне нібы яго выконваюць паўсталыя зь небыцьця сярэднявечныя музыкі.

Раман Волазьнеў і Ўладзімер Прасьнякоў — Сьпі, малы сакол

Мой асабісты лідэр. Больш за ўсё мне спадабалася песьня Ромы і Ўладзімера Прасьнякова. Проста гэта песьня для маіх немаўлятак, якім цяпер па 7 месяцаў ад нараджэньня.

Андрэй Старцаў, для Tuzin.fm

Андрэй Старцаў нарадзіўся ў 1962 годзе. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрстэт на перакладчыка нямецкай мовы (1984). Працаваў па спэцыяльнасьці, быў прадстаўніком розных фірмаў, займаўся гандлем драўніны і дрэваапрацоўкай. У музычны бізнэс прыйшоў у сярэдзіне 00-х. Першыя канцэрты, якія зладзіў у Менску — «Сегодняночью» (Расея) і «Бумбокс» (Україна). Працуе таксама з Noize MC, Sunsay, Пятром Мамонавым і большасьцю значных беларускіх жывых камандаў. Заснавальнік канцэртнага агенцтва «Канцэпт-стыль», дырэктар клюбу «Рэактар», а з 2011 — заснавальнік і дырэктар клюбу Re:Public — найвялікшай клюбнай пляцоўкі ў Менску.