Лірычны тузін ад Nexta (аўдыё)
2891 / 0
23.06.2019

Лірычны тузін ад Nexta (аўдыё)

Аўтар самага чытанага беларускага тэлеграм-каналу і youtube-каналу на беларускую тэматыку Cьцяпан Сьвятлоў склаў свой топ-12 найлепшых песень сэзону на TuzinFM.

Гэты сьпіс я складаў не аднаасобна, а ў супрацы зь сябрамі ды калегамі. Ну, як супрацы — шмат раіўся зь імі ды абмяркоўваў. Цікава гэта, калі адную і тую ж песьню розныя людзі адчуваюць па-рознаму. Вядома, у гэты сьпіс не маглі не ўвайсьці творы тых, хто мне даўно падабаецца. Але ў канчатковым выбары я імкнуўся захаваць стылёвую, выканаўчую ды сюжэтную разнастайнасьць. Зьвяртаў увагу перадусім на лірыку. Паколькі мяне цікавяць самыя разнастайныя кірункі музыкі, выбраць тузін лідэраў было надзвычай складана. Некаторыя падаліся цікавымі сваймі творчымі пераўтварэньнямі, а некаторыя — сталасьцю. У выніку ж атрымалася так:


12. Сяргей Пукст — Трыюмф Волі

Альтэрнатыва заўсёды дае дарогу для сапраўднай крытычнасьці. Для творцы ж гэта яшчэ і гаючая доза самакрытыкі. Сяргей Пукст вылучаецца перадусім вельмі тонкім зьдзекам з папулярнай эстрады.


11. Камэрата — Паміж небам і зямлёй

Проста непаўторны беларускі гурт.


10. Руся feat. Apple Tea — Тры сонцы

Спроба творчага пераўвасабленьня для дасьведчанай выканаўцы, каб знайсьці сябе, ня можа застацца без увагі.


9. Ігар Варашкевіч feat. Apple Tea — З Новым годам

Ветэрану айчыннага року, які ніколі ня здраджваў стылю, стаўлю вялікую падабайку за шчырасьць, калі здавалася ўжо даўно банальнаму сьвяту гэтай песьняй вяртаюцца людзкая ўтульнасьць і цеплыня.


8. Віктар Шалкевіч — Шалёная

Гарадзкі раманс у выкананьні маэстра заўсёды адметны, местачковы — у тым пляне, што дэцэнтралізуе сьпеўную Беларусь, падкрэсьліваючы яе творчую шматаблічнасьць.


7. Лявон Вольскі — Зіма

Вяртаньне да пратэсту ў творцы натуральнае і выклікае добрыя ўспаміны. Хацелася б яшчэ вяртаньня ня толькі ў тэкставым, але і ў музычным пляне.


6. Махімаlism — Фрагмэнты

Незвычайны вакал і подых скандынаўскага спакою гэтай песьні дадае, на маю думку, новыя адценьні сьпеўнай культуры беларусаў.


5. Мама — Там лета

Станоўчы, шчыры, з вобразнай лірыкай твор настройвае на аптымістычны лад.


4. Dee Tree — Дубрава

Адметная інтэрпрэтацыя этнафальклёру сьведчыць пра пераемнасьць і неўміручасьць беларускай сьпеўнай традыцыі, што цешыць.


3. Павал Козіч і Ціхан Букраба — Трамвай

У спалучэньні з тэкстам сэнтымэнтальны вобраз неіснуючага ўжо Менску вяртаецца зь небыцьця. Такі твор быў бы вельмі патрэбны менчукам, калі б яго не стварылі.


2. Harotnica mix — Рыцар

Нарэшце любоўная лірыка, якая ў іншых творах на гэтую вечную тэму заядае банальнасьцю, набывае рысы іроніі, разьвейвае ілюзіі і летуценьні, ці то свае, ці то іншых.


1. Маргарыта Ляўчук — Гісторыя каханьня

Опэрная дзіва і ўдалы эстрадны дэбют — ужо зьява сама па сабе зь вялікай літары. Па азначэньні такім творчым пераўвасабленьням наканаваны лёс пуцяводнай зоркі і для ўсіх іншых выканаўцаў. Хацелася б у гэта моцна верыць.


Сьцяпан Сьвятлоў, для TuzinFM




Сьцяпан Святлоў (Nexta) — музыка, блогер, вядоўца аўтарскай праграмы «Суб’ектыў» на «Белсаце». Нарадзіўся ў 1998 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа (2015) ды Сілескі ўнівэрсытэт у Катавіцах на кірунку «Арганізацыя тэле- і кінавытворчасьці» (2019). Мае самы чытаны ў краіне тэлеграм-канал (t.me/nexta_tv) ды найбольш праглядальны YouTube-канал на беларускую тэматыку (youtube.com/nexta_tv). Пасля пачатку перасьледу на радзіме жыве і працуе ў Польшчы.