Прымаем заявы на «Засьпявай-6». Пераможца атрымае 1500 BYN і ня толькі
3121 / 0
02.09.2019

Прымаем заявы на «Засьпявай-6». Пераможца атрымае 1500 BYN і ня толькі

Сёлета канкурсантам дастаткова даслаць на разгляд сваю песьню на любой мове.

Конкурс «Засьпявай» ужо шосты раз ладзяць партал TuzinFM і дабрачынны фонд «Вяртаньне». Мэта — злучыць сучасную беларускую музыку і сучасную беларускую паэзію. Падчас конкурсу ўдзельнікі конкурсу створаць і запішуць песьню на адзін з абраных твораў. Як зрабіць верш песьняю мы распавядалі летась у гэтым відэа. А ў сёлетнім прома-роліку конкурс прэзэнтуюць ягоныя мэнтары і арганізатары. 

Конкурс «Засьпявай-6» пройдзе ў некалькі этапаў.

Этап 1. Заяўка на конкурс (да 2 кастрычніка)

Заявіцца на конкурс могуць выканаўцы ад 16 да 30 гадоў. Перавага найперш аддаецца тым, хто ня мае канцэртнага і студыйнага досьведу і працуе (хоча працаваць) у стылях індзі-поп, электроніка і рэп.

Для падачы заявы трэба даслаць прыклад сваёй творчасьці (на любой мове) і папярэдне выбраць верш, на які будзе створана песьня падчас конкурсу.

Заявы прымаюцца да 2 кастрычніка ўключна.

ВЫБРАЦЬ ВЕРШ

Этап 2. Адукацыйная сэсія (кастрычнік)

З усіх заяваў журы адбярэ паўфіналістаў, якія атрымаюць магчымасьць бясплатна паўдзельнічаць у трохдзённай адукацыйнай сэсіі, у межах якой пройдуць заняткі па вакалу, саўнддызайну, іміджу і нэймінгу, прома і піяр-стратэгіі, па працы з лэйбламі і па гісторыі беларускай сучаснай музыкі і паэзіі.

Этап 3. Напісаньне песьні (лістапад)

Пасьля адукацыйнай сэсіі канкурсанты будуць мець час, каб самастойна напісаць песьню на абраны раней верш.

Этап 4. Жывое праслухоўваньне (сьнежань)

На жывым праслухоўваньні кожны выступоўца мае паказаць 2 песьні — уласную і конкурсную на верш абранага паэта.

Па выніках жывога праслухоўваньня журы абярэ тройку фіналістаў, якіх чакае індывідуальная праца з мэнтарамі і запіс конкурснай песьні ў студыі.

Этап 5. Праца з мэнтарамі (студзень — люты 2020)

У кожнага зь фіналістаў будзе пэрсанальны літаратурны кансультант (Андрэй Хадановіч), настаўнік па вакале (Руся), стыліст і дызайнэр (Наста Шастак), саўндпрадусары (Барыс Календа і Павал Сініла, у залежнасьці ад музычнага стылю). Усе мэнтары ўвойдуць у журы разам з арганізатарамі — Алегам Хаменкам, Сяргеем Будкіным (TuzinFM) і Паўлам Бераговічам (фонд «Вяртаньне»).

На гэтым этапе фіналісты маюць запісаць конкурсную песьню ў студыі.

Этап 6. Фінал (cакавік)

Песьні фіналістаў будуць прэзэнтаваныя ў сеціве ў фармаце сынглаў і ўжывую на фінальным канцэрце. На ім будзе агучанае імя пераможцы, які атрымае грашовы прыз (1500 BYN) і прома-падтрымку на год.

Падаць заяву на конкурс

TuzinFM