28 новых песень на беларускую паэзію. Абвешчаны лонг-ліст «Засьпявай-6» (слухаць)
3637 / 0
06.12.2019

28 новых песень на беларускую паэзію. Абвешчаны лонг-ліст «Засьпявай-6» (слухаць)

Апубліканы лонг-ліст шостага сэзону конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай», які праводзяць партал TuzinFM разам з фондам «Вяртаньне».

Сёлета заявы на «Засьпявай» падалі 43 маладыя выканаўцы. Усе яны атрымалі права паўдзельнічаць у адукацыйнай сэсіі. Музыкаў чакалі 14 сустрэчаў — сьпявачка Руся распавяла пра магчымасьці голасу, саўндпрадусары Павал Сініла і Барыс Календа пра спэцыфіку запісу, кіраўнік лэйбла Ezhevika Зьміцер Літвіновіч пра тое, як можна прадаць музыку, прамоўтэр Уладзімер Плавінскі — пра арганізацыю канцэртаў, піяр-мэнэджар Зьміцер Безкаравайны пра прамоцыю творчасьці, дызайнэрка Наста Шастак пра візуальны складнік, музыка і выкладчык Алег Хаменка пра маркетынгавыя тэхналёгіі ў музыцы, паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч правёў лекцыі пра гісторыю сучаснай беларускай паэзіі, а дасьледчык Віктар Сямашка — пра гісторыю сучаснай беларускай музыкі. Пасьля сэсіі яе ўдзельнікі атрымалі заданьне — зрабіць дэма-варыянт конкурснай песьні паводле вершаў аднаго з прапанаваных беларускіх паэтаў.

З гэтым заданьнем пасьпяхова справіліся 28 выканаўцаў, якія праходзяць у наступны этап конкурсу. Іх чакае жывое праслухоўваньне, па выніку якога журы конкурсу назаве тройку фіналістаў. Яны пазмагаюцца за галоўны прыз — 1500 беларускіх рублёў, папрацуюць разам з мэнтарамі конкурсу і запішуць свае конкурсныя песьні ў студыі. Пераможца будзе вызначаны на фінальным канцэрце «Засьпявай-6».

Такім чынам, лонг-ліст з 28 канкурсантаў: Adarka, Alex Litvinau, Duся, Dzima Prau, Imgnnn, Kachan, Kawa, Kolko, Lear, Maria Cheprasova x Kirill Danshin, Pylai, Vodar, Zanzibar, Віталіна Сарока, Гр.Hodriya, Donia, «Дзе-Я», Кацярына Батура, Жэня Вялько, Ільля Фаляжынскі, Ксенія Цімаховіч, «Ліхтар», Мурочка, «Няміга», Піліп Беспамылковы, Поля, «Тайна Миори», «юность».

За навінамі конкурсу можна сачыць на афіцыйных старонках Facebook і УКантакце.

TuzinFM