Trubetskoy зьвярнуўся да паэзіі Багдановіча (відэа)
2656 / 0
20.01.2015

Trubetskoy зьвярнуўся да паэзіі Багдановіча (відэа)

У межах акустычнага сэту на курсах «Мова нанова» Павал Булатнікаў з кампаніяй выканалі новы твор, напісаны на верш Максіма Багдановіча.

За песьню «Я, бальны, бесскрыдлаты паэт» музыкі з гурта Trubetskoy упершыню ўзяліся 9 сьнежня 2014 году — акурат на дзень народзінаў Максіма Багдановіча. Тэкст прынес на рэпэтыцыю гітарыст Руслан Уладыка, а базавы рыф прапанаваў басіст Алесь-Францішак Мышкевіч. Атрымалася сумная і кранальная баляда. Першымі яе пачулі наведнікі курсаў «Мова нанова», куды завітаў Trubetskoy.

Вакаліст каманды Павал Булатнікаў кажа, што яны маюць яшчэ дзьве новыя беларускамоўныя песьні, гэтым разам цалкам свайго аўтарства. Музыкі таксама пераклалі на беларускую сваю новую песьню «Рядом» (цяпер «Разам»). У лютым Trubetskoy зьбіраецца запісаць іх у студыі.

У поўную моц беларускамоўныя песьні ўпершыню прагучаць у межах 40-хвіліннага сэту каманды на прэміі «Даем рады» 13 лютага ў Re:Public. У гурта таксама зацьверджаныя выступы ў Гомелі, Віцебску і Магілёве, а таксама Стакгольме, Маскве, Разані, Іванава і Ніжнім Ноўгарадзе. Падрабязнасьці — на афіцыйным сайце каманды.

Tuzin.fm, фота Алены Бажко