R.I.P. Робэрт Ляшчынскі (1967—2015)
2578 / 0
01.04.2015

R.I.P. Робэрт Ляшчынскі (1967—2015)

Скрушная навіна прыйшла з Польшчы — ва ўзросьце 48 гадоў памёр знаны музычны крытык, які шмат зрабіў у тым ліку для прасоўваньня беларускай музыкі.

Робэрт Ляшчынскі памёр 1 красавіка 2015 году. Пра гэта паведаміў партал Onet.muzyka з спасылкай на Polsat. Імавернай прычынай сьмерці называецца цукровы дыябэт. Ён быў адным зь вядучых польскіх музычных журналістаў. У 1994—2002 гадах аглядаў музычныя падзеі ў Gazeta Wyborcza, пасьля вёў музычныя праграмы на TV Polonia і канале Tylko Muzyka, быў судзьдзём папулярных музычных праектаў, кіраваў аддзелам культуры штодзёньніка Wprost. Яго сьмерць стала поўнай нечанасьцю для яго калег і паплечнікаў.

Робэрт Ляшчынскі быў вялікім прыхільнікам беларускай музыкі і прысьвяціў ёй нямала артыкулаў. Быў першым, хто напісаў разгорнуты водгук на супольны праект «Народны альбом». Журналіст прыяжджаў адмыслова з Варшавы ў Беласток на канцэрт беларускіх музыкаў. «Спачатку мне падалося дзiўным, што ў краiне, у якой дзеецца шмат важных справаў, артысты займаюцца гiсторыямi 80-гадовае даўнiны. Аказваецца, аднак, што з дапамогай такой формулы пра Беларусь можна сказаць нашмат болей i пры гэтым ня зьвесьцi ўвесь праект да жанру актуальнага палiтычнага камэнтара. Вось чаму „Народны Альбом“ — гэта перадусiм твор мастацтва. У Польшчы яго рэклямавалi як „антылукашэнкаўскую рок-опэру“, з чаго самi творцы сьмяюцца й падкрэсьлiваюць, што iснуюць у Беларусi цалкам афiцыйна. „Антылукашэнкавасьць“ „Народнага Альбому“ заключаецца магчыма ў тым, што Лукашэнкi там няма», — напісаў крытык у 1998 годзе.

«Гэта быў супэрскі музычны крытык. Я ўпершыню пра яго дазнаўся на пачатку 90-х, калі ў „Gazeta Wyborcza“ пабачыў яго артыкул пра фэстываль у Сопаце — проста шэдэўральны, там была глыбокая аналітыка і сыстэмны падыход. Я падумаў, што гэта пісаў рэальны зубр, які з вышыні свайго досьведу можа даваць такія рэзкія ацэнкі. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мы пазнаёміліся праз колькі гадоў. І я ўбачыў, што гэта не стары дзед, а малады хлопец з дрэдамі», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў.  Ён кажа, што Робэрт неаднойчы прыяжджаў у Менск зь цікавасьці акурат да беларускага року. «Ён быў з адукацыі сацыёляг, таму і музыка яго цікавіла менавіта ў гэтым пляне перадусім, як складовая і актыўная частка культуры. Таму ён адсочваў усе падзеі ў нашай музыцы, востра адчуваў, што беларускі рок на той час быў фактычна нацыятворчай зьявай». Міхал апошні раз размаўляў з Робэртам некалькі гадоў таму. Абмяркоўвалі ідэю беларуска-польска-ўкраінскага культурніцкага часопіса.

Ляшчынскі спрыяў паездцы «Народнага альбому» ў Францыю і раіў іншыя беларускія гурты на міжнародныя фэсты, сам неяк быў у журы «Басовішча», стаяў ля вытокаў акцыі «Салідарны зь Беларусьсю». Цікавіўся Робэрт і беларускай поп-музыкай. Быў у захапленьні ў сярэдзіне 00-х ад «Чорнага бумэра» Сярогі, а камэнтуючы на польскім ТВ «Эўравізію-2009», зазначыў, што перамога Аляксандра Рыбака справядлівая, бо той паходзіць зь Беларусі, дзе вельмі разьвітая народная музыка. У 2012 годзе, калі вёў канцэрт «Салідарны зь Беларусьсю» Ляшчынскі адзначыў: «Беларускія гурты лепшыя, чым польскія. Не адзін раз я ўжо ўспамінаў, што нашая музыка мёртвая, а ў беларускай ідзе пра барацьбу, ідэю!» Неяк журналіст у якасьці ды-джэя разаграваў выступ N.R.M. у Беластоку. Гітарыст гурта Піт Паўлаў згадвае: «Усёй камандзе „Народнага альбому“ гэта быў блізкі чалавек, а „энэрэмаўцам“ яшчэ бліжэйшы. Ён мой пагодка і мы зь ім пэўны час сябравалі. Памятаю, як разам глядзелі ў Варшаве „Матрыцу“, як толькі яна выйшла. Той момант нас моцна зблізіў. Праз нас ён пасябраваў з мастаком Лёнікам Тарасэвічам, прыяжджаў да яго ў час „Басовішча“ і там пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай. Цяжка ўявіць, што такі здаровы і вясёлы чалавек пайшоў з жыцьця. Вельмі скрушная навіна».

Tuzin.fm смуткуе з нагоды сыходу выдатнага чалавека.

 

Tuzin.fm, фота Onet.muzyka