!OUT: «Залатыя Яблыкі» — тыя, хто апярэдзіў «Песьняроў» (+прэм'ера запісаў 1970 году)
4629 / 1
17.02.2017

!OUT: «Залатыя Яблыкі» — тыя, хто апярэдзіў «Песьняроў» (+прэм'ера запісаў 1970 году)

Tuzin.fm распавядае пра адзін зь першых біг-біт ансамбляў Беларусі і ўпершыню публікуе запіс іх песень, зроблены на Беларускім радыё амаль паўстагодзьдзі таму.

Мне Сонца часам падаецца палымяным Дрэвам,

чые зіхоткія плады лунаюць у паветры нерухомым

нібыта яблыкі, якія патачыла прыцягненьне

Зямлі і чалавека пакланеньне,

бо Сонца чалавеку падаецца палымяным Дрэвам…

(Рэй Брэдбэры. The Golden Apples of the Sun, 1953. Пераклад Рамана Яраша)

НАТХНЁНЫЯ БРЭДБЭРЫ    

ВІА «Залатыя Яблыкі», што граў у Менску на мяжы 1960—1970-х, меў пару паралеляў зь Pink Floyd: гурт стварылі студэнты-архітэктары, натхнёныя сярод іншага амэрыканскім фантастам Рэем Брэдбэры. І калі ў выпадку з брытанцамі пад уплывам апавяданьня «Залатыя яблыкі Сонца» ўзьнікла кампазыцыя «Set the Controls for the Heart of the Sun», то беларусы назвалі імем аповесьці ўвесь свой ансамбль. «Мы ўсе любілі фантастыку. І, па-мойму, Ігар прапанаваў назвацца „Залатымі Яблыкамі Сонца“», — згадвае былы вакаліст гурту Лявон Барткевіч. «Тады гэта было модна. Зьявіліся заходнія каманды з такімі дзіўнаватымі назвамі, незразумелымі, даўгіміТаму й мы не хацелі ляснуцца ў гразь», — тлумачыць былы бубнач калектыву Ігар Карасьцялёў. Праўды, трэцяя слова ў назьве ВІА зь цягам часу адпала. Гучаньне «Залатых Яблыкаў» таксама фрагмэнтамі нагадвае раньнія запісы Pink Floyd.

«Залатыя Яблыкі» ў складзе аркестры Ўладзімера Скараходава

ПУПЫШКА АД ДЖАЗ-АРКЕСТРЫ

Увогуле, сярэдзіна 1960-х гадоў — пераломны час для моладзевае субкультуры Беларусі. На зьмену грувасткім эстрадна-джазавым аркестрам, што панавалі цягам «адлігі», прыйшлі мабільныя біт-ансамблі. Часам яны ўтвараліся ўнутры аркестраў, на аснове рытм-сэкцыяў і пасьля адпачкоўваліся. Так сталася й з «Залатымі Яблыкамі». У Менскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, дзе вучыліся ўдзельнікі ансамблю, на танцах грала аркестра Ўладзімера Скараходава, будучага намесьніка міністра культуры БССР.

Лявон Барткевіч трапіў адначасова і ў аркестру, і ў біт-ансамбаль у 1966 годзе, выканаўшы на рэпэтыцыі без падрыхтоўкі гіт Бюльбюля-Аглы. Па словах Ігара Карасьцялёва, «Залатыя Яблыкі» нават мелі ўласны сэт у межах танцавальнае праграмы аркестры, нягледзячы на тое, што біг-біт тады ня надта вітаўся ўладамі. Калі аркестра Скараходава развалілася, гітарыста Анатоля Ваўка прызначылі мастацкім кіраўніком «Залатых Яблыкаў», хаця ён ня меў ніякае музычнае адукацыі.

«Залатыя Яблыкі» падчас тэлевізыйных здымак. Зьлева направа: Анатоль Воўк, Аляксандар Сарокін, Ігар Карасьцялёў і клявішнік (?)

ПІЯНЭРЫ БІГ-БІТУ

У выніку «Залатыя Яблыкі» сталі адным зь першых біт-ансамбляў у Беларусі. Усю другую палову 1960-х гадоў (уключна з 1970-м годам) яны амаль штовечар давалі канцэрты, гралі на танцах у розных кропках Менску, нават у кансэрваторыі й, як правіла, без ганарараў. Музыкі-архітэктары самі выраблялі гітарныя гуказдымальнік з тэлефонных слухавак, майстравалі «прымочкі». Ладзілі гукасэсіі й фотасэсіі, гучэлі па радыё й ТВ. Адзін з рэпэтыцыйных пунктаў «Яблыкаў» месьціўся ў праектным інстытуце побач з Опэрным тэатрам. Аднойчы ў будынку прарвала каналізацыю й кропку затапіла, падчас чысткі забруджаных інструмэнтаў з гітараў часткова садраўся лак. Розьніца бачная на фотаздымках, зробленых да й пасьля патопу.

У рэпэртуары «Залатых Яблыкаў» меліся кавэры на «бітлоў», «ролінгаў» ды «дэмакратаў» (пад апошнімі маюцца на ўвазе гурты з краінаў сацлягеру). Акром таго, яны стваралі аўтарскія кампазыцыі па-беларуску ды па-расейску. Анатоль Воўк і Аляксандар Сарокін рабілі песьнямі вершы беларускіх клясыкаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа — і сучасьнікаў. У прыватнасьці, Сарокін паклаў на музыку два творы з дэбютнага зборніку Леаніда Дайнекі «Галасы» (1969). Раней за «Песьняроў» яны зьвярнуліся да паэзіі Робэрта Бэрнза, а фольк-апрацоўкі «Залатых Яблыкаў» фактычна сталі першымі гітамі мулявінскага ансамблю.

«Залатыя Яблыкі» на рэпэтыцыйным пункце

…І ФОЛЬК-РОКУ

«Залатыя Яблыкі» карысталіся тым самым зборнікам фальклёру, пазычаным у Канстанціна Паплаўскага, што й пасьля іх «Песьняры». Справа ў тым, што ў склад ансамблю трапіў сын знанага фальклярыста Чэслаў Паплаўскі. Ягоная сястра Ядвіга кажа, што «Залатыя Яблыкі» сталі для Чэсіка першым ансамблем. Акром профільнага інструмэнту — скрыпкі, ён граў і на рытм-гітары, адказваў за бэк-вакал. Менавіта Чэсік навучыў сястру выконваць на гітары, адмыслова абклеенай газэтай, «House of the Rising Sun» The Animals. «Мне так шкада, што я аддала камусьці тую гітару. На ёй я навучылася любую песьню падбіраць, брала на „бульбу“, калі ў кансэрваторыі вучылася», згадвае Ядвіга Канстанцінаўна. Аднак каронным яе нумарам у складзе «Яблыкаў» стаў перасьпеў Czerwonych Gitar «W moich myslach Consuelo».

Чэслаў Паплаўскі

Менавіта ад «Залатых Яблыкаў» праз пасярэдніцтва сям’і Паплаўскіх да «Песьняроў» перакачавалі апрацоўкі народных песень «Скрыпяць мае лапці», «Хлопец пашаньку пахае» й «Касіў Ясь канюшыну». Болей за тое, Ігар Карасьцялёў сьцьвярджае, што Ўладзімер Мулявін менавіта ў яго пераняў імідж — характэрныя вусы й бакенбарды.

«Залатыя Яблыкі». Зьлева направа: Анатоль Воўк, Аляксандар Сарокін, Ігар Карасьцялёў і сьпявачка (?).

ЗАПІСЫ НА БЕЛРАДЫЁ

У студыі Беларускага радыё «Залатыя Яблыкі» сталі даволі частымі гасьцямі яшчэ з канца 1960-х, хаця асабліва ня ўдзельнічалі ў конкурсах. У тыя часы безь ляўрэацтва трапіць у прафэсійную студыю было амаль немагчыма. Верагодна, дапамагло тое, што Лявона Барткевіча на Чырвонай-4 ведалі яшчэ па дзіцячых хорах. Паводле іншае вэрсіі, «яблычныя архітэктары» рэгулярна траплялі ў радыёэтэр, дзякуючы аўтарытэтным бацькам, таму ж Канстанціну Паплаўскаму ды Ільлі Гітгарцу, дырыгенту Опэрнага тэатру. У складзе «Яблыкаў» на электрааргане ды фартэпіяна граў сын Ільлі Аляксандравіча — Андрэй. Ігар Карасьцялёў упэўнены, што «Залатыя Яблыкі» трапілі на радыё й тэлевіію першымі зь беларускіх «самадзейных ансамбляў» рок-н-рольнага кірунку.

«Залатыя Яблыкі» падчас гукасэсіі на Белрадыё. Стаяць зьлева направа: мясцовы гукарэжысэр, Чэслаў Паплаўскі, Андрэй Гітгарц, Ігар Семірэчанскі, Анатоль Воўк. Сядзіць Якаў Левін.

Звычайна падчас інтэрвію на радыё музыкам загадзя надрукавалі ўсе адказы: «Ці ня сорамна вам выконваць свае творы?» — «Вельмі сорамна. Мы абавязкова будзем выконваць творы савецкіх кампазытараў». Так музыкі й адказалі падчас этэру. А Чэсік яшчэ дадаў ад сябе: «Гэта грэх!». Як мяркуе Ігар Карасьцялёў, рэдактарам падобных музычных перадачаў на Белрадыё быў КДБіст: «Калі перадача прайшла, ён прынёс нам лісты ад слухачоў. Рэакцыя была супрацьлеглай. Адныя пісалі: „Мы — школьны ансамбль, просім узяць над намі шэфства“. Другія: „Мы — савецкія людзі. Уключаеш «Голас Амэрыкі» — брыдота нясецца, а тут яшчэ нашае радыё да такога апусьцілася“». Тым ня менш, у 1970 годзе з удзелам ансамблю адбыліся й тэлевізійныя здымкі на Менскім моры ў праграме пра провады зімы. Запіс, на жаль, не захаваўся.

«Залатыя Яблыкі» падчас гукасэсіі на Белрадыё. Запіс бэк-вакалаў

КУЗЬНЯ ЗОРНЫХ КАДРАЎ

У «залатым» складзе ВІА «Залатыя Яблыкі» адзначыліся 7 чалавек: Анатоль Воўк — гітара, Лявон Барткевіч — вакал, Аляксандар Сарокін — гітара, Андрэй Гітгарц — клявішы, Чэслаў Паплаўскі — скрыпка, Якаў Левін — бас, Ігар Карасьцялёў — бубны, Ігар Сямірэчанскі — тэхнік. Але меўся яшчэ шэраг музыкаў, якія далучаліся да ансамблю эпізадычна: скрыпач Валянцін Бадзьяраў, вакалісткі Ядвіга Паплаўская, Людміла Ісупава, Вольга Аліпава… Зь «яблычным» бэндам сьпявалі й іншыя дзяўчыны, сольна й парамі, але іх імёны сьцерліся з памяці. «Пэўны час у нас быў настолькі вялікі склад, што мы маглі адначасова граць у двух месцах», — згадвае Ігар Карасьцялёў.

Рэдкі момант: Лявон Барткевіч за бубнамі.

РАСФАРМАВАНЬНЕ…

1970—1971 гады сталі апошнімі практычна для ўсіх рок-н-рольных гуртоў, што ўтварыліся ў Беларусі ў сярэдзіне 1960-х. «Залатыя Яблыкі» ня сталі выключэньнем. Некаторыя з чальцоў ансамблю сталі працаваць паводле адукацыі да скону дзён — архітэктарамі, як Анатоль Воўк. Іншыя трапілі ў афіцыйныя ВІА. Да прыкладу, Барткевіч — у «Песьняры». Між іншым, падчас першае тэлефоннае размовы Барткевіч «паслаў» Мулявіна, прыняўшы званок за розыгрыш Анатоля.

Можна сказаць, частковая й кароткатэрміновая рэінкарнацыя «Залатых Яблыкаў» адбылася ў 1985 годзе, калі трыё з Анатоля Ваўка (гітара), Лявона Барткевіча (вакал) і Алега Алоўнікава (віялянчэль) запісала 6 акустычных п’есаў на беларускія тэмы. Напачатку 1990-х, жывучы ў ЗША, Барткевіч трапіў на творчы вечар Рэя Брэдбэры — Воўк ня мог паверыць, што такое мажліва. Дарэчы, сын мастацкага кіраўніка «Залатых Яблыкаў» Сяргей Воўк цяпер працуе ў Белдзяржфілярмоніі, грае готык-мэтал, выкарыстоўвае старыя прымочкі Семірэчанскага ды перапрацоўвае некаторыя бацькоўскія творы.

З фотасэсіі ВІА «Залатыя Яблыкі Сонца» ў сквэры ля Опэрнага тэатру. Стаіць Анатоль Воўк, сядзяць зьлева направа: Ігар Карасьцялёў, Андрэй Гітгарц, Ігар Семірэчанскі, Лявон Барткевіч, Чэслаў Паплаўскі, Якаў Левін.

У «ПЕСЬНЯРЫ» ДЫ «ВЕРАСЫ»

 Характэрна, што многія сталыя й эпізадычныя ўдзельнікі «Залатых Яблыкаў» таксама ў выніку прыйшлі да Ўладзімера Мулявіна: той жа Чэслаў Паплаўскі ўключаўся ў склад «Песьняроў» ажно двойчы зь перапынкам на «Верасы», куды трапіла ягоная сястра Ядзя й (па рэкамэндацыі Карасьцялёва) Людміла Ісупава. Як вядома, напачатку ВІА «Верасы» былі выключна дзявочым калектывам. Людміла затым таксама апынулася ў «Песьнярах». Андрэй Гітгарц, акром «Залатых Яблыкаў», граў у яшчэ адным выбітным неафіцыйным утварэньні «Пане-Браце», пазьней служыў у аркестры Фінбэрга.

Ігар Карасьцялёў цягам 1970-х праславіўся, як музыка, які можа адначасова біць па барабанах і сьпяваць на «марсіянскай» мове (на імітацыі ангельскае). Музыка асабіста браў удзел у масавых хваляваньнях гіпі, якія адбыліся ў цэнтры Менску ў красавіку 1970 году. Адзначыўся ў самых розных зборных калектывах, а таксама ў першым забароненым беларускім рок-гурце «Наследники», у «Дыскантах» і «Голубых гитарах». Цяпер Ігар Карасьцялёў мае сан мітрафорнага протаярэя, служыць у прыходзе ў гонар абраза Божае Маці «Усіх смуткуючых радасьць» і працягвае будаваць царкву на вуліцы Прытыцкага ў Менску. Айцец Ігар сьведчыць: «Настаяцелі многіх менскіх храмаў выйшлі з гіпі. З сапраўдных гіпі, якія не гуляліся, а жылі адпаведным чынам».

Аўдыёзапісы ўзятыя зь сямейнага архіву Сяргея Ваўка й фондаў Белрадыё. Фотаздымкі прадаставіў а. Ігар (Карасьцялёў).

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: