Настроі
21142 / 1
25.10.2017

Калі надзея пераўтвараецца ў безвыходнасьць. П’еса пра жыцьцё Лявоннага ад Vuraj (прэм’ера!)

Гурт Vuraj напісаў першую песьню ў сваёй гісторыі на аўтарскі верш. Для праекту TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» каманда Сяргея Доўгушава паклала на музыку твор Юркі Лявоннага, у якім перадаў у музыцы ўсё жыцьцё паэта.

Для гурту Vuraj удзел у праекце «(Не)расстраляная паэзія» надзвычай важны. «Хто калі ня мы, музыкі, могуць даць новае жыцьцё творам забітых паэтаў. Гэтая тэма балючая, схаваная ад усіх нас і моцна актуальная на сёньня. І мы, пераемнікі тых паэтаў, мусім сказаць сваё слова, каб адрадзіць памяць пра іх», — кажа Сяргей Доўгушаў. Ён знаёмы з творамі рэпрэсаваных літаратараў па кнізе «Расстраляная літаратура», што выходзіла ў сэрыі «Беларускі кнігазбор». А падчас працы над гэтым праектам, бліжэй пазнаёміўся з творчасьцю паэта Юркі Лявоннага.

Песьня «Настроі» паводле твору «Зімовая радасьць» — першы экспэрымэнт гурту Сяргея Доўгушава ў напісаньні песьні на верш беларускага паэта. І працэс стварэньня быў ня менш складаным, чым праца з народным сьпевам. Усе музыкі падыйшлі да гэтай справы з усёй шчырасьцю і адданасьці. Праца доўжылася некалькі месяцаў, за гэты час кампазыцыя некалькі разоў мяняла сваю форму і ўрэшце была зафіксаваная ў студыі. «Песьня атрымалася атмасфэрнай, са сваёй драматургіяй. Яна натхняе на роздум, — распавядае Сяргей. — У ёй мы хацелі перадаць сваё адчуваньне паэзіі Лявоннага і трагедыю ягонага жыцьця, таму яна створаная зь некалькіх кантрастных частак. Яны ілюструюць як зьмянялася жыцьцё юнака, калі верш гучыць пад мэлядычную рамантычную музыку, а потым настрой зьмяняецца — паэта арыштоўваюць, катуюць, расстрэльваюць. Радасьць зьмешваецца з болем, надзея пераўтвараецца ў безвыходнасьць. Вось што мы ўбачылі ў гэтым вершы».

Юрка Лявонны (Леанід Юркевіч) пачынае друкавацца ў 16 гадоў, у гэтым жа ўзросьце яго прымаюць у «Маладняк». У 25 гадоў — ён ужо паважаны журналіст, крытык, аўтар шасьці ўласных зборнікаў. Сябры апісвалі яго як «статнага і прыгожага юнака артыстычнага складу». Але ў 28 гадоў яго арыштавалі нібы за шпіёнска-дывэрсійную дзейнасьць. Год катавалі ў турме і расстралялі 29 кастрычніка 1937-га. У гэтым жа годзе выйшаў беларускі пераклад Жуля Вэрна «20 000 лье пад вадой», які зрабіў Лявонны разам зь Сяргеем Грахоўскім. Толькі імёны перакладчыкаў былі выкрасьленыя з кнігі. Падрабязьней пра Юрку Лявоннага распавёў у лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» дасьледчык Віктар Жыбуль.

Гурт Vuraj мае намер выконваць гэты твор на сваіх канцэртах. Таксама музыкі хочуць зьняць на «Зімовую радасьць» кліп.

Vuraj — Настроі (музыка гурту, словы Юркі Лявоннага).

TuzinFM

Ёсьць настроі… А ў іх — пералівы.

Ёсьць часіны — здаюцца сном.

Толькі той на сьвеце шчасьлівы,

Хто ўзімку жыве, як вясной!

Я стаю адзінокі на полі,

Ціха сыплецца золкаў пясок…

Распрануўся вецер — і голы

Па ральлі — у карагодны скок!..

Дуб гальлё пабялелае зьвесіў,

I ня ведаю — можа, ува сьне

Паваліўся зялёны месік

На калені ў срэбны сьнег…

Вецер шэпча ліхія пагрозы —

Колькі злосьці… Куды ж яе дзець?..

Прытулілі б мяне вы, марозы,

Да асмужаных бельлю грудзей!..

Я раздумаў — ня вылью сьлязамі,

За мяне — хай скрыгоча зіма…

Ой ты, замець, сівая замець,

Прыгажэй за цябе — няма!..

(1927)

КАМЕНТАРЫ:

  • Виолетта Никитик
    Виолетта Никитик / адказаць
    02.11.2017 / 00:23

    такая музыка - яна перадае настрой самаго верша...яна як паэцічны тэкст... неверагодна! дзякуй вялікі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ