Годзе
19741 / 0
03.05.2018

Як Макара ў сьвет выпраўлялі. Вельмі асабісты кліп Brutto

Сваё відэаўвасабленьне атрымала песьня «Годзе» з альбому «Рокі» гурту Brutto. Галоўныя ролі ў ім сыграла сям’я Сяргея Міхалка.

Рэжысэрам кліпу на «Годзе» стаў Дзьмітры Аўдзееў, які дагэтуль зьняў для Brutto відэа на песьні «12 обезьян», «Вечірнє сонце» і «Чайка». Здымкі адбываліся на пляжы ля Адэсы. Драматургія пабудаваная на тым, што лякацыяў задзейнічана няшмат, ухіл робіцца на гульню актораў і сымбалізм падзеяў, якія адбываюцца. Усе ролі сыгралі чальцы сям’і Міхалка — уласна Сяргей, ягоная жонка Сьвятлана Зелянкоўская і сын Макар. Лідэр Brutto кажа, што песьня «Годзе» на словы Янкі Купалы для яго ўяўляецца маленькім і сямейным «Улісам». «Макарка зьявіўся на сьвет амаль адначасова з Brutto, таму некаторыя ідэі ды сэнсы гурта вельмі асабістыя, амаль сакральныя. Мы зь Зеляю вандравалі як пілігрымы па сьвеце і навучыліся добра хаваць ад чужынцаў хваляваньне за сына і за нашую будучыню. Але ў кліпе мы пастараліся паказаць тую атмасфэру, у якой знаходзіліся ў гады станаўленьня Brutto», — распавядае лідэр каманды.

Рэжысэр Дзьмітры Аўдзееў тлумачыць, чаму вырашыў зрабіць адкрыты фінал: «Гэтую песьню я магу слухаць бясконца. Яна настолькі шматгранная, што хацелася зьняць некалькі вэрсіяў. Але атрымалася менавіта гэтая. І я вельмі рады, што мы дадалі пэўнай магіі. Спадзяюся, што кожны зразумее тут нешта важнае для сябе самога».

У кліпе скарыстаная не альбомная вэрсія «Годзе», а абноўленая. Аўтарам новай аранжыроўкі стаў украінскі кампазытар Раман Грыгор’еў, вядомы з працы над опэраю «Iyov». Кампазытар кажа, што творчасьць Міхалка яго ўражвае сваім матывуючым саўндам і постапакаліптычным драйвам, а ў дадзеным выпадку ў адной песьні злучылася камэрная лірыка і бясконца жывая энэргія.

Brutto — Годзе (рэжысэр — Дзьмітры Аўдзееў)

TuzinFM