Топ-12 пачатку лета-2019. Ад сўінгу да блэк-мэталу (аўдыё)
5173 / 0
29.05.2019

Топ-12 пачатку лета-2019. Ад сўінгу да блэк-мэталу (аўдыё)

На TuzinFM — агляд найбольш цікавых апошніх беларускамоўных трэкаў — сьвежыя песьні ад знаных артыстаў і дэбютныя трэкі ад новых праектаў.

Закон Гука — Над горадам

Пераможцы мэгатуру-2018 на TuzinFM прэзэнтавалі новы сынгл, які называюць сучасным гарадзкім рамансам. Напісаны ён пад уражаньнем ад творчасьці Марка Шагала — адсюль назва, вокладка і агульны настрой. Болей пра трэк.

Крама — Паліцэйскі рок-н-рол

Першы трэк гурта, запісаны з новым гітарыстам Андрэем Краўцэвічам, які прыйшоў на замену Сяргею Трухановічу. Твор выглядае, як рэакцыя на ганебнае затрыманьне беларускіх музыкаў на Дзень Волі, у тым ліку і лідэра «Крамы» Ігара Варашкевіча. Нездарма, першапачаткова меркавалася яго назваць «Аўтазак». З тэкстам дапамог Фэлікс Аксёнцаў, той самы аўтар залатых гітоў гурта «Уліс». Болей пра трэк.

Pani Z. — Kazka

Дэбютны трэк ад праекту Pani Z., які заснавала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. Выканаўца кажа, што ў гэтым сынгле нарэшце ўвасобілася яе даўняя ідэя — выконваць песьні, у якіх складаныя пачуцьці апісаныя простымі словамі. Пакуль аўтарка праекту ня хоча раскрываць сваё сапраўднае імя.

Noll ReakciiKoła (Apošniaja)

Новы сынгл гурта Анджэя Ліхушкі, які грае гардкор, мэтал ды альтэрнатыўны рок. Музыкі разам другі год, маюць ужо поўнафарматнік «Песьні і скокі» і EP «Анёл». «Наша новая песьня — гэта развага пра сэнс быцьця і пошук свайго месца ў жыцьці», — кажа аўтар.

SKLF Baisan — Радыё Берасьце

Берасьцейскі электроншчык Валер Сакалоў (SKLF) і гомельскі паэт Алесь Плотка (Baisan) запісалі сумесны сынгл «Radyjo Bierascie», які прысьвяцілі тысячагодзьдзю гораду над Бугам. Аўтары называюць свой трэк нефармальным гімнам памежнай сталіцы. «Гэта наш рэспэкт усёй берасьцейскай школе, беларускай душы на два бакі: варшаўскі і маскоўскі», — кажа аўтар тэксту, які тры гады быў вакалістам берасьцейскай каманды Terrakod. Дадаткам да асноўнай песьні на ім яшчэ зьмешчаныя два трэкі — вэрсія «Радыё Берасьце» з Паўлам Прохаравым з гурта Sciana ды дэма-вэрсія твору «Красны лімузін».

Алесь Чумакоў — Вербы

Сынгл «Вербы» анансуе сольны альбом удзельніка «Старога Ольсы» Алеся Чумакова «Праўда ў віне». Песьня пра першае каханьне напісаная на верш клясыка ірляндзкай літаратуры, нобэлеўскага ляўрэата Ўільяма Батлера Ейтса. У арыгінале яна называецца «Down by the Sally Garden», а тэкст пакладзены на традыцыйную ірляндзкую мэлёдыю. Пераклаў верш на беларускую мову сам выканаўца. Ужывую гэтыя ды іншыя сьпевы Алеся можна пачуць на яго сумесным канцэрце з гуртом Pawa 30 траўня ў клюбе «Бруге».

Міла Ражкова — Дай мне той сўінг

Яшчэ адзін перасьпеў заходняй клясыкі па-беларуску. Расейская сьпявачка Міла Ражкова пераасэнсавала песьню Сысі Рэджўік «Gimme That Swing» для свайго будучага беларускамоўнага альбому. А пераклаў яе Сяржук Сокалаў-Воюш, каб засьведчыць, як можа гучаць сўінг на нашай мове.

Gleboki Smak — Цыганка

Трэк, які дае найлепшае ўяўленьне пра альбом, які можна безумоўна лічыць падзеяй у беларускай рэп-музыцы. Сам аўтар Глеб Хамутоў кажа, што «Цыганка» — гэта тэкст-рэпрэзэнт: «Ён пра мяне, сяброў, жыцьцёвыя прынцыпы і мае стасункі з рэпам». Менавіта на яго выканаўца вырашыў зьняць дэбютны кліп, у якім таксама дэбютаваў у якасьці рэжысэра. Болей пра выканаўцу ў інтэрвію на TuzinFM.

Kachan — Колас

Нечаканы трэк-прысьвячэньне клясыку беларускай літаратуры: «Твой братан ня гарны, мой — Якуб Колас», — сьпявае Дзяніс Качан. Выканаўца кажа, што стварыў свой дэбютны сынгл «у гонар беларускай пісьменнасьці» і выказаў у ім свой рэспэкт Якубу Коласу. Павага да пісьменьніка настолькі моцная, што ён разам зь іншым рэпэрам Дзянісам Мандзікам стварыў творчую суполку, якую назваў «Kolas Sound».

luty sakavik — vostraja

Першы трэк з дэбютнага EP «Soram» новага праекту Ўладзя Лянкевіча (TonqiXod) ды Эрыка Арлова-Шымкуса (ili-ili, Harotnica mix). Музыкі натхняліся найлепшымі ўзорамі пост-панку ды сынці-попу. Сам трэк распавядае пра нерашучасьць лірычнага героя, які, аднак, наважваецца ўсё ж на важны крок. Праўда, гэта будзе зразумела з другога трэку гэтага рэлізу.

Мутнаевока — Лініі

Першы самотнік ад гурта «Мутнаевока» пасьля выхаду трэцяга альбому «Мэтро», што пабачыў сьвет год таму. Музыкі чарговы раз экспэрымэнтуюць з гучаньнем без прывязкі да канкрэтнага стылю. У гэтай песьні яно наблізілася да поп-музыкі. Лідэр каманды Яўген Змушка кажа, што сапраўдныя моцныя перажываньні можна данесьці празь мілагучнасьць.

Massenhinrichtung — Адлегласьці

Новы сынгл ад менскага блэк-мэтал гурту, у якім музыкі кажуць пра складанасьць і важнасьць выбару ўласнага шляху. «Шмат адлегласьцяў часам прыходзіцца пераадолець, каб знайсьці нарэшце гэты свой шлях. У нейкіх пунктах нас сустракае самы сапраўдны адчай, але ў іншых мы знаходзім цёплая прамяні надзеі. Непрадказальны і вельмі няпросты шлях, які патрэбна пераадолець, каб мець магчымасьць крочыць далей», — вядзецца ў анатацыі да трэку. На яго таксама зробленае лірык-відэа.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

ТОП-12 ПЕСЕНЬ ГЭТАЕ ВЯСНЫ. ЧАСТКА 1

ТОП-12 ПЕСЕНЬ ГЭТАЕ ВЯСНЫ. ЧАСТКА 2

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM